Мінск 13:17

У Мінску на ўчастку па выбарах у грузінскі парламент з невялікім адрывам перамагла кіруючая партыя

Бюллетень на парламентских выборах в Грузии, участок в Минске
Выніковы пратакол галасавання на ўчастку ў Мінску
Крыніца: Цэнгтральная выбарчая камісія Грузіі

28 кастрычніка, Позірк. Кіруючая партыя “Грузінская мара” з невялікім адрывам перамагла на ўчастку для галасавання на парламенцкіх выбарах, арганізаваным у амбасадзе Грузіі ў Мінску 26 кастрычніка.

Згодна з пратаколам, апублікаваным Цэнтральнай выбарчай камісіяй, партыя звязанага з Расіяй алігарха Бідзіны Іванішвілі атрымала 26,966% галасоў (у абсалютным вымярэнні — 24; ЦВК прыводзіць даныя да тысячных доляў адсотка).

На другім — пятым месцах найбуйнейшыя апазіцыйныя аб’яднанні: “Адзінства — нацыянальны рух” (22,472%; 20 галасоў), кааліцыя “За перамены” (20,225%; 18), “Гахарыя* — за Грузію” (16,854%; 15) і “Моцная Грузія” (11,236%; 10). Усяго ў выбарах удзельнічала 18 партый і аб’яднанняў. Галасаванне праводзілася толькі па партыйных спісах.

У Мінску на ўчастак прыйшло 90 чалавек, 1 бюлетэнь прызнаны несапраўдным.

Названыя партыі праходзяць у парламент па выніках падліку ўсіх галасоў, пераадолеўшы 5-працэнтны бар’ер. Паводле інфармацыі ЦВК, “Грузінская мара” атрымала 53,918% галасоў, кааліцыя “За перамены” — 11,037%, “Адзінства — нацыянальны рух” — 10,167%, “Моцная Грузія” — 8,812%, “Гахарыя — за Грузію” — 7,771%.

Апазіцыя і прэзідэнт Грузіі Саламэ Зурабішвілі не прызналі афіцыйныя вынікі выбараў, на 28 кастрычніка анансаваны пачатак масавых акцый пратэсту. Міжнародныя назіральнікі ад ПАСЕ, АБСЕ, НАТО, і Еўрапейскага парламента наўпрост не заявілі аб непрызнанні выбараў, адзначыўшы палярызацыю, няроўныя ўмовы агітацыі, ціск на дзяржслужачых і няўрадавыя арганізацыі.

* Гіоргі Гахарыя — прэм’ер-міністр краіны ў 2019-2021 гадах, перайшоў у апазіцыю да “Грузінскай мары”.

Гл. таксама:

“Ёсць рызыка зацяжнога канфлікту”. Як выбары ў Грузіі могуць адбіцца на беларусах

Палітыкі шэрагу краін Захаду заклікалі ЕС не прызнаваць вынікі выбараў у Грузіі, заявіўшы аб “беларусіфікацыі” краіны

Падзяліцца: