Мінск 21:12

У Беларусі не менш за 11 палітвязняў з інваліднасцю, заяўляюць праваабаронцы

Ілюстрацыйнае фота: Kristine Wook / unsplash.com

3 снежня, Позірк. У месцах несвабоды ў Беларусі знаходзіцца не менш за 11 палітычных зняволеных з інваліднасцю, паведаміў праваабарончы цэнтр “Вясна” 3 снежня, у Міжнародны дзень людзей з інваліднасцю.

Сярод гэтых палітвязняў накіраваны на прымусовае псіхіятрычнае лячэнне Аляксандр Кісель, прыгавораная да 2 гадоў пазбаўлення волі Аксана Ляўшова, якая не можа самастойна перасоўвацца. Абодва яны асуджаныя паводле арт. 368 КК (абраза прэзідэнта).

Інваліднасць мае асуджаны на 20 гадоў зняволення актывіст і краязнаўца з Баранавічаў (Брэсцкая вобласць) Уладзімір Гундар, які не мае адной нагі.

“Вясна” падкрэслівае, што людзі з інваліднасцю — асобная ўразлівая група ў месцах зняволення. Каб у поўнай меры камунікаваць з навакольным асяроддзем, ім патрэбныя дадатковыя ўмовы, паколькі “ўтрыманне ў зняволенні ўспрымаецца для чалавека больш жорсткім”. Для гэтых людзей “такія ўмовы часцей роўныя катаванням, чым для іншых”.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, некаторыя людзі з інваліднасцю выйшлі на волю пасля некалькіх хваляў памілавання ў 2024 годзе.

Дырэктар Офіса па правах людзей з інваліднасцю (арганізацыя дэ-юрэ ліквідаваная ў Беларусі) Сяргей Драздоўскі адзначыў, што “для людзей гэта добра”, аднак звярнуў увагу, што ўлады зыходзяць з прагматызму: “Ім не трэба, каб людзі паміралі ў турмах, таму яны і пачалі выпускаць людзей з інваліднасцю”.

“Аднак нельга сказаць, што сёлета мы пабачылі паслабленне рэпрэсій у дачыненні да іх: людзі з усімі прыкметамі чалавека з інваліднасцю, нават калі яны не маюць адпаведнага пасведчання, сёння па-ранейшаму трапляюць пад рэпрэсіі, — канстатаваў ён. — Нягледзячы на вызваленне адных, новыя людзі апынаюцца за кратамі. Хоць, безумоўна, маштабы рэпрэсій значна меншыя, у параўнанні з агульнымі маштабамі. Гэта адбываецца праз тое, што ўлады не хочуць браць на сябе нешта лішняе: яны маюць сваё разуменне, што гэта слабыя людзі, якіх лёс і так пакараў”.

Драздоўскі падкрэсліў, што ў Беларусі павялічваецца разрыў паміж рознымі катэгорыямі людзей з інваліднасцю: “Можна знайсці людзей з інваліднасцю ў Беларусі, якія скажуць, што стала жыць лягчэй, хаця складана сказаць, у чым канкрэтна. Але іншага боку вы не знойдзеце, бо гэта страшна. Сёння скардзіцца ў Беларусі страшна”.

У жніўні падчас 31-й сесіі Камітэта па правах людзей з інваліднасцю разглядаўся даклад грамадзянскай супольнасці пра становішча людзей з інваліднасцю ў Беларусі.

У дакуменце адзначалася, што доступ палітычных зняволеных да неабходных медыкаментаў і медыцынскіх паслуг істотна абмежаваны, а матэрыяльныя ўмовы ў турмах не прыстасаваныя для людзей з інваліднасцю. Пры гэтым просьбы аб разумных прыстасаваннях і сацыяльнай падтрымцы рэгулярна адхіляюцца.

Пазіцыя беларускіх уладаў заключаецца ў тым, што ўмовы ўтрымання людзей з інваліднасцю ў месцах пазбаўлення волі “ўлічваюць іх становішча”. Пра гэта заявіла намесніца пастаяннага прадстаўніка беларускіх уладаў у аддзяленні ААН Іна Васілеўская на той сесіі камітэта.

“Робяцца ў адпаведнасці з унутранымі дакументамі Міністэрства ўнутраных спраў адпаведныя захады для забеспячэння годных умоў утрымання. Сістэма пакарання бярэ да ўвагі адпаведныя спецыфічныя ўмовы гэтых людзей, і адпаведнае рэгуляванне яно як бы існуе”, — сказала яна.

Адказваючы на пытанні, пастаянны прадстаўнік беларускіх уладаў у аддзяленні ААН у Жэневе Ларыса Бельская сказала, што ёй невядомыя факты, што “менавіта людзі з інваліднасцю загінулі ў турме ў сувязі з інваліднасцю”.

20 лютага 2024 года ў Мінскай раённай бальніцы на 64-м годзе жыцця памёр палітвязень Ігар Леднік, які быў інвалідам другой групы, меў праблемы з сэрцам. Адбываў пакаранне ў выглядзе трох гадоў пазбаўлення волі паводле арт. 367 КК (паклёп у дачыненні да прэзідэнта).

У траўні 2023 года ў папраўчай калоніі № 3 у пасёлку Віцьба (Віцебскі раён) памёр блогер з інваліднасцю 2-й групы Мікалай Клімовіч, асуджаны да аднаго года пазбаўлення волі паводле арт. 368 КК.

Агулам у 2022–2024 гадах у беларускіх месцах несвабоды памерла сама меней сем палітычных зняволеных. Апрача згаданых гэта Вадзім Храсько, Вітольд Ашурак, Алесь Пушкін, Аляксандр Кулініч ды Дзмітрый Шлетгаўэр.

Падзяліцца: