Мінск 02:10

Мы павінны зрабіць так, каб злачынствы рэжыму не засталіся беспакаранымі — Ціханоўская

Святлана Ціханоўская
Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

23 студзеня, Позірк. У Беларусі “працягваецца тэрор”, з 2020 года больш за 8.000 чалавек пераследаваліся ў крымінальным парадку, за кратамі застаюцца больш за 1.200 толькі прызнаных праваабарончай супольнасцю палітвязняў, кожны дзень арыштоўваюць як мінімум 12 чалавек, у тым ліку тых, хто вяртаецца дадому з-за мяжы. Гэтыя факты прывяла Святлана Ціханоўская, звяртаючыся да ўдзельнікаў слуханняў Каардынацыйнай рады аб прыцягненні Аляксандра Лукашэнкі да адказнасці.

Дэмакратычны лідар адзначыла, што многія палітвязні пазбаўленыя кантактаў са знешнім светам, іх катуюць, “а некаторых, як мы нядаўна бачылі, — прымушаюць запісваць на камеру словы, якія б чалавек на волі ніколі не сказаў“.

Пры гэтым, лічыць Ціханоўская, суды “ператварыліся ў орган рэпрэсій, як і ўся сістэма дзяржаўных органаў“, “помсцяць і сваякам тых, хто вымушана з’ехаў за мяжу, ратуючыся ад пераследу“.

“Рэжым нясе пагрозу не толькі беларусам, але і суседзям. Працягвае пастаўляць зброю Расіі, а над Беларуссю рэгулярна пралятаюць расійскія “Шахеды”, якія забіваюць мірнае насельніцтва Украіны”, — адзначыла палітык.

Заявіўшы, што названыя злачынствы з’яўляюцца дзяржаўным тэрорам і кваліфікуюцца міжнароднымі арганізацыямі як “злачынствы супраць чалавечнасці“, дэмлідар заклікала “зрабіць так, каб тыя, хто здзяйсняе гэтыя злачынствы, не адчувалі беспакаранасці і не маглі пазбегнуць правасуддзя“.

“Вядома, слуханні ў Каардынацыйнай радзе не заменяць судовага паседжання. Але яны з’яўляюцца важным крокам у гэтым кірунку. Неабходна, каб паказанні і абвінавачванні гучалі ўжо сёння ў поўны голас“, — лічыць Ціханоўская.

Асабліва важным яна лічыць зафіксаваць названыя факты “напярэдадні так званай “спецыяльнай выбарчай аперацыі”, у выніку якой падазраваныя ў злачынствах у чарговы раз збіраюцца захапіць уладу ў краіне”. “Выбарчыя маніпуляцыі і фальсіфікацыі — таксама злачынствы, за якія ўсе датычныя абавязкова панясуць адказнасць“, — падкрэсліла палітык.

Першымі ўжо зробленымі крокамі да аднаўлення справядлівасці Ціханоўская назвала зварот у Міжнародны крымінальны суд у Гаазе ў сувязі з дэ-факта масавай дэпартацыяй грамадзянскага насельніцтва (вымушаная эміграцыя з палітычных матываў), а таксама прадстаўленыя ў гэты суд дакументы па справе выкрадання дзяцей з акупаваных Расіяй тэрыторый Украіны.

Слуханні Каардынацыйнай рады “Аб адказнасці А.Р.Лукашэнкі за злачынствы” адбываюцца 23 студзеня ў Варшаве.

Падзяліцца: