Мінск 16:07

BySol і “Флагшток” паведамілі пра з’яўленне фальшывых акаўнтаў і ботаў

11 лютага, Позірк. Пра з’яўленне фальшывых тэлеграм-каналаў і ботаў паведамілі 10 лютага фонд салідарнасці BySol і рэдакцыя гомельскага рэгіянальнага сайта “Флагшток“ (працуе за мяжой).

“Сілавікі спамяць па чатах фальшывым ботам для зваротаў у BySol, — напісаў у сацсетках кіраўнік фонду Андрэй Стрыжак. — Адзіны кантакт нашай гарачай лініі ў тэлеграме — акаўнт @help_bysol, там працуюць жывыя людзі, якія кансультуюць і падкажуць, што можна зрабіць пры пагрозе вашай бяспецы“.

Стрыжак падкрэсліў, што ініцыятыва “не карыстаецца чат-ботамі ў працы”, і заклікаў да пільнасці.

Раней BySol у сваім тэлеграм-канале папярэдзіў, што “правакатары даюць спасылкі на падстаўныя, падробленыя акаўнты і боты”.

Рэдакцыя “Флагштока“ паведаміла пра фіксацыю “фальшывых ботаў для сувязі“ і заклікала чытачоў “пазбягаць і не актывізаваць іх”.

“Верагодна, яны створаныя спецслужбамі для дэананімізацыі карыстальнікаў “тэлеграм“, якія жадаюць даслаць інфармацыю рэдакцыі “Флагштока”. Адзіны канал для сувязі — акаўнт @fuckshtok”, — адзначыла рэдакцыя, падкрэсліўшы, што “ботаў не выкарыстоўвае“.

Як паведамляў “Позірк“, 25 студзеня, перад асноўным днём галасавання на мерапрыемстве, якое афіцыйны Мінск называў “прэзідэнцкімі выбарамі“, у інтэрнэце пачалі актыўна распаўсюджваць фэйкавы відэазапіс аб “сыходзе” Святланы Ціханоўскай і “перадачы паўнамоцтваў” яе намесніку ў Аб’яднаным пераходным кабінеце Паўлу Латушку.

Першакрыніцай запісу, створанай, верагодна, пры дапамозе штучнага інтэлекту, паслужыў тэлеграм-канал, які мімікрыруе пад афіцыйны рэсурс Ціханоўскай. Падробку сярод іншага выдавала найменне, якое адрозніваецца ад афіцыйнага, — @tsikhanoyskaya замест @tsikhanouskaya. Нейкі час у яго было больш падпісчыкаў, чым у афіцыйнага канала палітыка, цяпер іх колькасць зменшылася прыкладна ў 10 разоў.

Відэазапіс стаў актыўна прасоўвацца ў тым ліку ў тэлеграм-каналах беларускіх дыяспар.

Ціханоўская абвергла спекуляцыі пра свой сыход.

Падзяліцца: