Мінск 22:56

Амбасадар Белы перад адбыццём з ПАР абмеркаваў у знешнепалітычным ведамстве гэтай краіны пытанні палітыкі і эканомікі

Элвін Ботас і Ігар Белы (ПАР, 17 красавіка 2025 года)
Фота: прэс-служба МЗС

19 красавіка, Позірк. Развіццё беларуска-паўднёваафрыканскіх стасункаў абмеркавалі 17 красавіка амбасадар Ігар Белы і намеснік міністра міжнародных стасункаў і супрацы ПАР Элвін Ботас, паведамляе прэс-служба МЗС Беларусі.

Бакі сярод іншага абмеркавалі планы па “далейшаму ўмацаванню палітычнага і міжведамаснага дыялогу, кірункі эканамічнай і навукова-тэхнічнай супрацы, узаемадзеянне ў сферы спорту”.

Сустрэча была арганізаваная з нагоды завяршэння дыпламатычнай місіі Белага ў ПАР. 27 сакавіка Аляксандр Лукашэнка прызначыў дыпламата амбасадарам Беларусі ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах і Кувейце па сумяшчальніцтве.

Паўднёваафрыканскае знешнепалітычнае ведамства дэталей сустрэчы не прыводзіць. На старонцы міністэрства ў сацыяльнай сетцы Х адзначана толькі, што Ботас правёў 17 красавіка развітальныя сустрэчы з амбасадарамі Чылі, Даніі і Беларусі, на якіх выказаў “найлепшыя зычэнні ў іх будучых пачынаннях”.

Дыпламатычныя стасункі паміж Беларуссю і ПАР усталяыаныя 4 сакавіка 1993 года. Беларуская амбасада ў Прэторыі адкрылася ў студзені 2000 года. Месца пастаяннай дыпламатычнай службы паўднёваафрыканскага амбасадара, які прадстаўляе інтарэсы краіны ў Беларусі, — Масква.

Паводле звестак МЗС Беларусі, тавараабарот паміж краінамі ў 2021 годзе складаў 32,2 млн долараў (беларускі экспарт — 22,8 млн, паўднёваафрыканскія пастаўкі — 9,4 млн). Актуальныя даныя на сайце знешнепалітычнага ведамства адсутнічаюць.

Паводле даных паўднёваафрыканскага статыстычнага ведамства, экспарт ПАР у 2021 годзе складаў 1 трлн 809 млрд 137 млн 822,48 тыс. рэндаў (прыкладна 122,5 млрд долараў паводле сярэдняга курсу на той год), імпарт — 1 трлн 381 млрд 14 млн 994,306 тыс. рэндаў (каля 93,5 млрд долараў). Такім чынам, на Беларусь у той год прыпала 0,02% імпарту і 0,01% экспарту.

Падзяліцца: