Мінск 21:07

З-за залевы ў Мінску спыняўся рух амаль на 100 маршрутах грамадскага транспарту

Непагадзь у Мінску
Відэазапіс: МНС / стоп-кадр: "Позірк"

5 чэрвеня, Позірк. Рух грамадскага транспарту па 96 маршрутах (53 аўтобусных, 36 тралейбусных і 7 трамвайных) быў спынены з-за залевы, якая абрынулася на Мінск увечары 5 чэрвеня.

Як вынікае з паведамленняў дзяржаўнага прадпрыемства “Мінсктранс“, перабоі ў руху пачаліся ў 18:18. На некаторых участках прыпынак руху транспарту перавысіў дзве гадзіны.

Паводле аператыўнай інфармацыі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, у выніку праходжання навальнічнага фронту ў сталіцы зафіксавана выпадзенне да 20 мм ападкаў (20 л вады на квадратны метр тэрыторыі).

“У некаторых частках горада ўтварыліся падтапленні, што выклікала частковы прыпынак грамадскага транспарту ў Ленінскім, Фрунзенскім, Цэнтральным, Партызанскім, Першамайскім і Маскоўскім раёнах. З-за непагадзі работнікі МНС выязджалі на распілоўку паваленых дрэў. Таксама ратавальнікі ліквідавалі падтапленні ў аўтасалоне па вул. Ціміразева і ў будынку “Беларусбанка“ па пр. Дзяржынскага“, — гаворыцца ў прэс-рэлізе МНС.

Непагадзь у Мінску
Відэазапіс: МНС стоп-кадр: "Позірк"

На 5 чэрвеня Белгідрамет з-за навальніц, моцных ліўняў, граду і шквалістага ветру парывамі да 15-20 м/с абвяшчаў аранжавы ўзровень небяспекі. Зараз навальнічны фронт рухаецца ва ўсходнім кірунку.

Паводле прагнозу сіноптыкаў, 6 чэрвеня на большай частцы тэрыторыі чакаюцца навальніцы, у асобных раёнах пры навальніцах ліўні, у дзённыя гадзіны — град і шквалістае ўзмацненне ветру парывамі да 21-24 м/с. Абвешчана штармавое папярэджанне.

Падзяліцца: