Мінск 14:47

РФ мае намер выкарыстаць Беларусь для правакацый з удзелам украінскіх палонных, сцвярджае Зяленскі

Архіўнае фота з тэлеграм-канала Уладзіміра Зяленскага

9 кастрычніка, Позірк. Расія мае намер выкарыстаць Беларусь для правакацый з удзелам украінскіх палонных у спробе ўчыніць ціск на Кіеў, заявіў журналістам 9 кастрычніка прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

Паводле слоў палітыка, сакратар Рады нацбяспекі і абароны Украіны Рустэм Умераў вядзе з памочнікам прэзідэнта РФ Уладзімірам Медзінскім “складаныя перамовы па спісах” палонных на абмен.

“Нам ясна з даных Службы знешняй выведкі Украіны, што хочуць рабіць рускія, — цытуе Зяленскага агенцтва “Укрінформ”. — Яны хочуць фармаваць спісы ўкраінцаў выключна са свайго боку, нягледзячы на ​​нашыя запыты. І нам вядома, што яны маюць намер прывозіць некаторых палонных у Беларусь і прымушаць іх запісваць відэазвароты да бацькоў, нібыта ўкраінская ўлада іх не забірае: “Забярыце нас, вось мы ў Беларусі, забярыце нас”. Рыхтуюцца такія расійскія правакацыі”.

Масква і Кіеў перыядычна абменьваюцца ваеннапалоннымі на тэрыторыі Беларусі.

24 лютага 2022 года РФ распачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны — найбуйнейшы з часоў Другой сусветнай вайны канфлікт у Еўропе. Рэжым Аляксандра Лукашэнкі надаў войску РФ тэрыторыю для нападу на суседнюю краіну ўзімку і ўвесну 2022 года, а потым на працягу многіх месяцаў з Беларусі вяліся абстрэлы ўкраінскіх гарадоў. На тэрыторыі краіны таксама лячылі расійскіх вайскоўцаў. Паводле звестак расследавальнікаў, многія беларускія прадпрыемствы цяпер актыўна займаюцца вытворчасцю на карысць расійскага вайскова-прамысловага комплексу.

Падзяліцца: