Мінск 16:19

Жук узначаліў Мінінфарм, Маркаў прызначаны міністрам культуры (дапоўнена)

Марат Маркаў
Фота: Міністэрства інфармацыі

9 красавіка, Позірк. Дзмітрый Жук 9 красавіка прызначаны міністрам інфармацыі, паведамляе прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі.

Марат Маркаў, які ўзначальваў Міністэрства інфармацыі з чэрвеня 2024 года, пераведзены на пасаду міністра культуры. Да 2024 года Маркаў быў старшынёй праўлення ЗАТ “Другі нацыянальны тэлеканал”.

На пасадзе міністра культуры ён змяніў Руслана Чарнецкага, які займаў яе са снежня 2024 года.

Жук да цяперашняга часу быў дырэктарам — галоўным рэдактарам выдавецкага дома “Беларусь сегодня” (вядучае выданне “СБ. Беларусь сегодня”, раней — “Советская Белоруссия”). Працаваў намеснікам генеральнага дырэктара інфармагенцтва “Інтэрфакс-Захад“, кіраўніком прэс-службы прэзідэнта, генеральным дырэктарам РУП “Беларускае тэлеграфнае агенцтва”.

Прэс-служба Лукашэнкі перадала яго дыялог з Жуком.

“Ты ўжо гатовы чалавек, ідэалагічна пісьменны, які разумее, што трэба рабіць, — сказаў Лукашэнка. — Таму я абсалютна не супраць, што вы паспрабуеце сябе на гэтай пасадзе. Хоць я з вялікім шкадаваннем ўспрымаю, калі практык такога кшталту, як вы, ідзе на кіраўнічую працу. Таму што, ну, прападзе, думаю, чалавек”.

“Я ж не на іншую планету”, — заўважыў на гэта Жук.

“Ведаю, што ты не прападзеш“, — адзначыў Лукашэнка.

Генеральным дырэктарам Рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства “Беларускае тэлеграфнае агенцтва“ (БелТА) прызначаны Андрэй Мохар, які працаваў на пасадзе дырэктара дырэкцыі інфармацыйнага вяшчання ЗАТ “Другі нацыянальны тэлеканал”.

Ірына Акуловіч, якая ўзначальвала БелТА з красавіка 2018 года да лістапада 2025-га, летась была прызначаная дарадцам-пасланнікам амбасады Беларусі ў Расіі.

Аляксандр Церахаў прызначаны намеснікам прэм’ер-міністра па пытаннях будаўніцтва і ЖКГ. Да цяперашняга часу Церахаў займаў пасаду генеральнага дырэктара дзяржаўнага вытворчага аб’яднання “Мінскбуд”. Да гэтага з 2014 па 2020 год узначальваў Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

“Я пагадзіўся на тваю кандыдатуру толькі таму, што ты практычна многае паспрабаваў“, — сказаў Церахаву Лукашэнка.

Новым кіраўніком дыпламатычнага прадстаўніцтва Беларусі ў Манголіі прызначаны Міхаіл Орда, які з 2014 па 2024 год быў старшынёй праўладнай Федэрацыі прафсаюзаў.

На пасаду генеральнага дырэктара ЗАТ “Атлант” — дырэктара Мінскага завода халадзільнікаў узгоднены Андрэй Дзікун.

Таксама Лукашэнка ўхваліў прызначэнне двух намеснікаў старшыні Віцебскага аблвыканкама. Пытаннямі сацыяльнай сферы, кадравай, ідэалагічнай работы, маладзёжнай палітыкі будзе займацца Аляксей Гуйда, пытаннямі будаўніцтва, транспарту, ЖКГ — Пётр Бялусь.

Узгодненыя на пасады ў Віцебскай вобласці Алена Бабінская — старшыні Браслаўскага райвыканкама, Максім Бакураў — старшыні Глыбоцкага райвыканкама, Леанід Мойжык — старшыні Аршанскага райвыканкама, а таксама Аляксандр Часнойць — старшыні Воранаўскага райвыканкама (Гродзенская вобласць).

Звяртаючыся да новых кіраўнікоў, Лукашэнка падкрэсліў, што “час няпросты, трэба дзейнічаць”.

Падзяліцца: