Мінск 13:42

Доля негатыўных ацэнак Лукашэнкі ў замежных СМІ складае 72%, пазітыўных амаль няма — даследаванне

Архіўнае відэа: неафіцыйны тэлеграм-канал прэс-службы Аляксандра Лукашэнкі Стоп-кадр: "Позірк"

13 траўня, Позірк. Замежныя СМІ “не фарміруюць вобраз Беларусі самастойна”, але “рэтранслююць як увагу да краіны, так і палітычныя інтарэсы знешніх актараў”. Пра гэта гаворыцца ў даследаванні Цэнтра новых ідэй (ЦНІ), які, як было паведамлена на анлайн-прэзентацыі 13 траўня, “ужо пяты год вывучае змены іміджу Беларусі”.

У прадстаўленым дакладзе адзначаецца, што “ў 2025 годзе вобраз Беларусі ў асноўным вызначаўся яе роляй у вайне ва Украіне і палітыцы Расіі, з фокусам на пытаннях бяспекі і геапалітыкі”. На думку даследчыкаў, гэта сведчыць пра “спрашчэнне вобразу Беларусі, які фарміруецца замежнымі медыя”.

“Падзеі ў краіне спрашчаюцца да некалькіх устойлівых фрэймаў, з якіх выпадае значная частка ўнутраных працэсаў, сацыяльных груп і супярэчнасцяў, — адзначаецца ў даследаванні. — У выніку медыйны вобраз Беларусі цесна ўплецены ў наратывы “саюзніка Расіі”, “крыніцы пагрозы”, “прасторы рэпрэсій”. У медыйным вобразе Беларусі таксама не застаецца месца для актараў, якія не ўпісваюцца ў гэтыя наратывы”.

Паводле ацэнак аўтараў, самая прыкметная асаблівасць даследаванага медыяполя звязана з “дамінаваннем спартыўнага парадку”: “Засяроджанасць вакол адной фігуры. [Тэнісістка] Арына Сабаленка (125 згадак) значна апярэджвае ўсіх астатніх па ўзроўні бачнасці. У гэтым сэнсе спорт застаецца адной з нямногіх сфер, праз якія Беларусь рэгулярна з’яўляецца ў міжнародных медыя па-за кантэкстам крызісаў і палітыкі”.

Акрамя таго, “мяжа паміж нейтральным і палітычным тут даволі ўмоўная”, звяртаюць увагу аўтары. “Нават у спартыўных сюжэтах абмеркаванне часта ссоўваецца да пытанняў санкцый, нейтральнага статусу і допуску беларускіх спартсменаў да міжнародных спаборніцтваў”, — адзначаецца ў працы.

Таму, падкрэсліваюць даследчыкі, спорт “не столькі выцясняе палітычны кантэкст, колькі пераплятаецца з ім”.

“Немалаважным кластарам” ЦНІ называе “праваабарончы і апазіцыйны фактар”: “Такія актары, як “Вясна”, Марыя Калеснікава, Сяргей Ціханоўскі, Алесь Бяляцкі і Віктар Бабарыка, задаюць рамку абмеркавання палітычных зняволеных і рэпрэсій. У адрозненне ад спартыўнага парадку дня, дзе ўвага канцэнтруецца на адной постаці, у гэтым сегменце яна размеркаваная паміж некалькімі ўзаемазлучанымі персонамі і арганізацыямі. Гэта стварае эфект устойлівай тэмы, а не набору асобных навінавых падстаў”.

Вобраз Аляксандра Лукашэнкі ў замежных СМІ носіць, паводле звестак ЦНІ, у асноўным “негатыўны характар“. “Доля негатыўных ацэнак складае 72%, тады як нейтральныя згадкі займаюць 28%, а пазітыўныя практычна адсутнічаюць (0,6%). Гэта паказвае на ўстойлівую дамінуючую інтэрпрэтацыю, у якой Лукашэнка ўспрымаецца перш за ўсё як праблемны або крытычна ацэнены палітычны актар“, — гаворыцца ў даследаванні.

Больш падрабязнасцяў даступна падпісчыкам “Позірк+“

Падзяліцца: