Мінск 02:26

У сувязі са смерцю караля Нарвегіі Лукашэнка выказаў спачуванні народу, Ціханоўская — таксама каралеўскай сям’і і ўраду

29 жніўня, Позірк. Аляксандр Лукашэнка ад імя беларускага народа і сябе асабіста выказаў спачуванні народу Нарвегіі ў сувязі са смерцю караля Харальда V, паведаміла прэс-служба беларускага палітыка.

Лукашэнка “адзначыў, што шматгадовая дзейнасць Харальда V спрыяла пераемнасці дзяржаўных і культурных традыцый краіны, умацаванню яе міжнароднага аўтарытэту“.

“Устанаўленне дыпламатычных стасункаў паміж суверэннай Беларуссю і Нарвегіяй таксама адбылося ў гады кіравання Яго Вялікасці, што трывала ўпісала яго імя ў летапіс нашага двухбаковага ўзаемадзеяння”, — цытуе прэс-служба палітыка тэкст яго спачування, распаўсюджанага ўвечары 28 жніўня.

Беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская раніцай 28 жніўня напісала ў сетцы Х, што “смерць Яго Вялікасці караля Харальда V стала глыбокай стратай для Нарвегіі. Яго будуць памятаць за яго цеплыню, годнасць і шматгадовае служэнне сваёй краіне“.

“Выказваю самыя шчырыя спачуванні каралеве Соне і каралеўскай сям’і, а таксама ўраду і народу Нарвегіі“, — напісала Ціханоўская, якая неаднаразова наведвала Нарвегію; апошні раз гэта было ў снежні 2025 года.

У сакавіку 2025 года Кансерватыўная партыя Нарвегіі (Høyre) узнагародзіла Ціханоўскую прэміяй імя Сьюра Ліндэбрэке ў галіне дэмакратыі і правоў чалавека.

Улады Нарвегіі паслядоўна не прызнаюць Лукашэнку легітымным прэзідэнтам Беларусі і падтрымліваюць беларускі дэмакратычны рух. Гэта скандынаўская дзяржава не ўваходзіць у Еўрапейскі саюз, але з’яўляецца членам Еўрапейскай асацыяцыі свабоднага гандлю і цесна звязаная з ЕС у палітычным і эканамічным плане. Осла неаднаразова далучаўся да санкцый, уведзеных ЕС у дачыненні да рэжыму ў Мінску.

Нарвегія стала першай дзяржавай, якая зрабіла ўнёсак — 10 млн нарвежскіх крон (850 тыс. еўра) — у заснаваны з удзелам дэмакратычных сіл Беларусі Міжнародны гуманітарны фонд дапамогі беларускім палітвязням.

Пра тое, што кароль Нарвегіі Харальд V, які знаходзіўся на троне з 1991 года, памёр раніцай 28 жніўня на 90-м годзе жыцця ва ўніверсітэцкай бальніцы Осла, стала вядома з заявы, апублікаванай на сайце каралеўскага дома. Новым каралём Нарвегіі стаў яго 53-гадовы сын Хокан VIII.

Падзяліцца: