Мінск 01:21

Гістарычныя рэкорды цяпла мінулым летам зафіксаваныя на 15 метэастанцыях — cправаздача Белгідрамета

Ілюстрацыя: "Позірк"

7 верасня, Позірк. На 15 метэастанцыях, размешчаных на захадзе і поўдні Беларусі, мінулым летам зафіксаваныя гістарычныя рэкорды цяпла, сведчыць праведзены Позіркам аналіз справаздачы Белгідрамета.

Восем з іх размешчана ў Брэсцкай вобласці, чатыры — у Гомельскай, дзве — у Гродзенскай, адна — у паўднёва-заходняй частцы Мінскай.

Акрамя таго, як ужо неаднаразова паведамлялася, зарэгістраваныя нацыянальныя экстрэмумы тэмпературы за ўвесь 145-гадовы перыяд інструментальных назіранняў за надвор’ем: абсалютны і чэрвеньскі (40,4 градуса ў Пінску 29 чэрвеня), а таксама жнівеньскі (40,3 у Мазыры 6-га чысла). Да 40 градусаў паветра на тэрыторыі Беларусі прагрэлася ўпершыню.

Выніковыя паказчыкі лакальных гістарычных рэкордаў:

Брэсцкая вобласць: Пінск — 40,4 (было 36,3 у 1905 годзе); Брэст — 38,7 (36,7 у 2015-м); Івацэвічы — 38,4 (35,7 у 2014-м); Пружаны — 38,1 (36 у 1994-м); “Палеская“ (Лунінецкі раён) — 37,8 (36,5 у 2024-м); Ганцавічы — 37,6 (35,5 у 2021-м); Высокае — 37,2 (36,5 у 2015-м); Баранавічы — 36,3 (35,7 у 1992-м);

Гомельская вобласць: Мазыр — 40,3 (36,5 у 1936-м); Лельчыцы — 39,6 (38,2 у 2010-м); Жыткавічы — 38,9 (37,9 у 2024-м); Васілевічы — 38,6 (38 у 1946-м);

Гродзенская вобласць: Ваўкавыск — 36 (35,9 у 1959-м); Навагрудак — 34,7 (34,2; у 1992-м);

Мінская вобласць: Стоўбцы — 36,4 (36,1 у 1994-м).

Найхаладней мінулым летам было на “Палескай” (0,1 градуса вышэй за нуль уначы 1 чэрвеня).

Агулам лета-2026, як адзначае Белгідрамет, сталася на 0,3 градуса цяплей за норму (18,3 супраць 18). Год таму яно было халадней за норму на 0,2 градуса (17,8).

Пасля 2009 года сярэдняя тэмпература летам была ніжэй за норму два разы: у 2017 і 2025 гадах.

Мінулым летам на метэастанцыях адзначана ад 22 да 50 гарачых дзён (з тэмпературай паветра 25 градусаў і вышэй) пры норме 29-59 дзён і ад 2 да 19 вельмі гарачых дзён (30 градусаў і вышэй) пры норме ад 1 да 13.

Найбольш інтэнсіўная хваля цяпла зафіксаваная з 26 чэрвеня па 1 ліпеня, калі сярэднясутачная тэмпература паветра ў асноўным складала ад 20 да 25 градусаў (на 3-5 вышэй за сярэднюю шматгадовую), а на тэрыторыі Брэсцкай і Гродзенскай абласцей 28 і 29 чэрвеня яна месцамі дасягнула 27-31 градуса.

Сярэдняя тэмпература чэрвеня і жніўня была вышэйшай за норму на 1,3 і 0,4 градуса адпаведна. Ліпень быў з адмоўным адхіленнем (-0,7).

За лета выпала 214 мм ападкаў (214 л вады на квадратны метр тэрыторыі) — 95% нормы. Улетку-2025 было 259 мм (115% нормы).

У Гродзенскай вобласці ападкаў выпала больш за норму на 19% (264 супраць 222 мм), у Гомельскай — менш на 30% (158 супраць 226).

Самы буйны град адзначаны ў Мсціславе — 12 чэрвеня дыяметрам 32 мм, самы моцны вецер — 13 ліпеня ў Салігорску (34 м/с, 122,4 км/г, што адпавядае катэгорыі ўраганнага).

У найбліжэйшыя тры дні сіноптыкі прагназуюць цёплае надвор’е: 8 верасня — да 26 градусаў, 9-га — да 31, 10-га — да 29. Ноччу 8 верасня месцамі пахаладае да 2-4 градусаў.

Падзяліцца: