Мінск 19:53

Барэль: Санкцыі супраць рэжыму ў Беларусі працягнуцца да абрання ўладаў дэмакратычным шляхам

Святлана Ціханоўская і Жазэп Барэль
Фота: офіс Святланы Ціханоўскай

11 снежня, Позірк. Еўрапейскі саюз “не забываецца на Беларусь і яе народ”, думае пра іх “не толькі сёння”, заявіў вярхоўны прадстаўнік ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль на сустрэчы з дэмакратычным лідарам Святланай Ціханоўскай 10 снежня ў Бруселі ў рамках пасяджэння міністраў замежных спраў краін Еўрасаюза.

“Мы працуем у шчыльным кантакце і вельмі добра ведаем пра ўсё больш складаную сітуацыю ў краіне (Беларусі. — “Позірк”.), — цытуе чыноўніка Еўрапейская служба знешніх дзеянняў. — І я ўпэўнены, што міністрам будзе вельмі цікава пачуць, шаноўная Святлана, вашую ацэнку сітуацыі”.

“Гэта добрая нагода рашуча асудзіць рэпрэсіі рэжыму [Аляксандра] Лукашэнкі супраць уласнага насельніцтва, а таксама асудзіць яго падтрымку вайны [прэзідэнта РФ Уладзіміра] Пуціна супраць Украіны. Мы ўводзім санкцыі супраць рэжыму і яго прыхільнікаў”, — дадаў ён.

Паводле слоў Барэля, 11 снежня кіраўнікі МЗС дзяржаў Еўрасаюза сустрэнуцца са сваімі калегамі з краін Усходняга партнёрства, але “крэсла для Беларусі зноў будзе пуставаць”, паколькі ЕС “не прызнае тых, хто крадзе выбары і рэпрэсуе ўласны народ”, а “менавіта гэта і зрабіў Лукашэнка”.

Ён адзначыў, што дыскусія з Ціханоўскай дэманструе прыхільнасць ЕС “узаемадзеянню з беларускім народам у адсутнасці магчымасці зрабіць гэта з афіцыйнымі ўладамі”.

“Я спадзяюся, што афіцыйныя ўлады Беларусі будуць [у канчатковым выніку] абраныя дэмакратычным шляхам і будуць цалкам прадстаўляць беларускі народ, — сказаў Барэль. — [Да той пары] мы будзем працягваць санкцыі супраць рэжыму і падтрымліваць грамадзянскую супольнасць і дэмакратычныя сілы”.

Паводле яго слоў, ЕС акажа беларускай грамадзянскай супольнасці і дэмсілам дадатковую фінансавую падтрымку ў памеры 30 млн еўра. Такім чынам, звярнуў увагу еўрапейскі чыноўнік, аб’ём аказанай ЕС з 2020 года дапамогі дасягне 140 млн еўра.

“Я ведаю, дарагая Святлана, што гэта кропля вады ў акіяне патрэбаў беларускага народа і апазіцыі, але мы робім усё магчымае, каб падтрымаць вас, — сказаў Барэль. — Я таксама хачу скарыстацца гэтай магчымасцю, каб заклікаць рэжым вызваліць усіх палітычных зняволеных, спыніць рэпрэсіі, пачаць інклюзіўны нацыянальны дыялог і арганізаваць дэмакратычныя выбары”.

“Я ведаю, што гэта голас у пустыні, Лукашэнка не захоча мяне слухаць, але ЕС і міжнародная супольнасць павінны яшчэ раз заклікаць спыніць рэпрэсіі, вызваліць палітычных зняволеных і прызначыць свабодныя дэмакратычныя выбары”, — падсумаваў вярхоўны прадстаўнік па замежных справах і палітыцы бяспекі.

Падзяліцца: