Мінск 13:12

Мінкульт абвясціў конкурс кінасцэнарыяў, адна з тэм — “гераізм” сілавікоў у жніўні 2020 года

Фота: тэлеграм-канал Nexta

5 студзеня, Позірк. Конкурс сцэнарыяў для вытворчасці ў 2025 годзе фільмаў “у ігравой, неігравой, анімацыйнай формах за кошт субсідыі дзяржаўным арганізацыям кінематаграфіі” абвясціла 5 студзеня Міністэрства культуры. Як удакладняе прэс-служба ведамства, адна з тэм для поўнаметражных гульнявых карцін — “гераізм супрацоўнікаў праваахоўных органаў падчас падзей жніўня 2020 года ў Беларусі”.

Прапанаваныя і іншыя тэмы: ваенна-патрыятычная; школа і настаўнікі Беларусі; працаўнікі беларускай вёскі; беларускія лётчыкі-героі; героі беларускага спорту; кінаказка з беларускімі героямі для сямейнага прагляду; навагодняя гісторыя для сямейнага прагляду, падзеі якой адбываюцца ў Беларусі.

Арганізатарамі конкурсу з’яўляюцца Міністэрства культуры і кінастудыя “Беларусьфільм”. Адным з крытэрыяў ацэнкі сцэнарыяў называецца “патэнцыйная запатрабаванасць фільма ў айчынным і сусветным кінапракаце, на тэлеканалах, інтэрнэт-платформах”.

Савет па развіцці кінематаграфіі вызначыць 10 пераможцаў конкурсу, яны атрымаюць грашовыя прэміі ў памеры 50 базавых велічынь (на сёння 2.000 рублёў), адзначаецца ва ўмовах праекта.

Паводле звестак праваабаронцаў, з пачатку перадвыбарнай кампаніі ў 2020 годзе за ўдзел у акцыях пратэсту ў Беларусі было затрымана больш за 35 тыс. чалавек.

Супрацоўнікі сілавых ведамстваў пры разгоне дэманстрацый у розных гарадах актыўна выкарыстоўвалі спецыяльную тэхніку, у тым ліку вадамёты, светлашумавыя гранаты, гумовыя кулі. У дачыненні да затрыманых выкарыстоўваліся катаванні.

Жыхар сталіцы Аляксандр Тарайкоўскі быў забіты ў ноч на 10 жніўня каля станцыі метро “Пушкінская”. Першапачаткова ўлады заявілі, што ў руках мужчыны здэтанавала самаробнае выбуховае прыстасаванне. Пазней журналісты даказалі, што Тарайкоўскі быў бяззбройны, яго расстралялі сілавікі.

У лютым 2021 года пасмяротна прызнаны вінаватым у супраціве міліцыянту Генадзь Шутаў, які 11 жніўня 2020-га атрымаў смяротнае агнястрэльнае раненне падчас пратэстаў у Брэсце.

Паведамлялася і пра іншыя ахвяры.

У 2020 годзе ў Следчы камітэт паступіла каля 5 тыс. скаргаў пацярпелых ад дзеянняў сілавікоў грамадзян. Улады не прызналі ніводнага такога выпадку.

Улетку 2023 года Цэнтр права і дэмакратыі Justice Hub пры садзейнічанні Народнага антыкрызіснага ўпраўлення выпусціў даклад, згодна з якім з траўня 2020 года па травень 2023-га колькасць ахвяр рэпрэсій у Беларусі перавысіла 136 тыс.

Дэмакратычныя сілы дамагаюцца прыцягнення прадстаўнікоў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ў сувязі з гэтым да адказнасці за злачынствы супраць чалавечнасці ў рамках механізмаў універсальнай міжнароднай юрысдыкцыі.

Падзяліцца: