Мінск 21:50

Ніякай гнуткасці пры продажы маёмасці грамадзянамі “недружалюбных краін” быць не павінна — Лукашэнка (дапоўнена)

Фота: прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі

18 студзеня, Позірк. Навацыі ў сферы продажу маёмасці разглядаюцца 18 студзеня на нарадзе Аляксандра Лукашэнкі з Саветам міністраў.

Сярод іншага абмяркоўваецца пытанне рэалізацыі маёмасці грамадзянамі “недружалюбных краін”.

“Урад прапануе праяўляць больш гнуткасці (не ведаю, колькі тут яшчэ можна нагінацца) у пытаннях продажу маёмасці замежнікамі з “недружалюбных дзяржаў” і прадугледзець выпадкі, калі такое магчыма. Немагчыма ніколі. Але ўрад знаходзіць, што немагчыма, але калісьці, у нейкіх момантах магчыма. Паслухаем, у якіх”, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

Паводле яго слоў, меры процідзеяння вываду капіталу з Беларусі павінны ўключацца “вокамгненна”.

“Мы прапануем замежнікам адны з лепшых умоў: прэферэнцыі, ільготы, інфраструктуру, натуральна, кампетэнцыі. Прыходзь і працуй. Але не дзеля нажывы за кошт нашага народа. А калі хтосьці паспрабуе, ёсць механізмы процідзеяння і настаўлення”, — заявіў Лукашэнка, адзначыўшы, што Камітэт дзяржкантролю дакладвае аб фактах адтоку сродкаў у “недружалюбныя краіны” і нават аб мэтанакіраваным вывадзе прыбытку за межы Беларусі.

“Чаму ўзнікаюць такія прэцэдэнты? Бо на практыцы загараджальныя меры павінны ўключацца без усялякай раскачкі. Як арганізавана гэтая праца ў губернатараў? Вы ж перш за ўсё зацікаўлены ў інвестыцыях і бездэфіцытным бюджэце”, — сказаў ён.

У пачатку гэтага года ўрад вызначыў парадак і ўмовы выдачы дазволаў асобам з “недружалюбных краін” на адчужэнне маёмасці і доляў у статутных фондах (акцый).

Адпаведная пастанова Савета міністраў № 27 ад 12 студзеня 2024 года сярод іншага рэгулюе адчужэнне нерухомасці юрыдычнымі асобамі, у якіх грамадзянам “недружалюбных краін” належыць ад 25% статутнага фонду; выхад з юрыдычных асоб удзельніка-замежніка.

Дазвол на адчужэнне маёмасці выдаецца ў выглядзе ўрадавай пастановы, “якая дзейнічае адзін год з дня яе прыняцця і не вызваляе уласнікаў маёмасці, удзельнікаў, юрыдычных асоб ад выканання патрабаванняў, прадугледжаных іншым заканадаўствам”.

У ліпені 2022 года Саўмін зацвердзіў пералік беларускіх юрыдычных асоб з уласнікамі з дзяржаў, “якія здзяйсняюць недружалюбныя дзеянні”, якім забаронена адчужаць свае долі (акцыі) у статутных фондах.

Першапачаткова ў спісе фігуравала 190 суб’ектаў гаспадарання з капіталам з Вялікабрытаніі, Германіі, Нідэрландаў, Іспаніі, Італіі, Польшчы, Літвы, Швейцарыі, Кіпра, Эстоніі, Аўстрыі, Даніі, Латвіі, ЗША, Чэхіі, Балгарыі, Люксембурга, Нарвегіі, Фінляндыі, Брытанскіх Віргінскіх астравоў, Францыі, Швецыі. Пазней спіс прадпрыемстваў неаднаразова мяняўся.

13 жніўня 2022 года прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка заявіў: “Хочаш працаваць у Беларусі — калі ласка, працуй, ніякіх перашкод не будзе, але калі сабраўся кінуць усё тут, уцячы і павезці грошы — прабачце”.

11 лістапада Лукашэнка прыгразіў нацыяналізацыяй кампаніям з замежным капіталам, калі яны захочуць пакінуць беларускі рынак.

Падзяліцца: