Мінск 16:47

ДПК тлумачыць скарачэнне патокаў нелегальнай міграцыі ў ЕС праз Беларусь умовамі надвор’я

Канстанцін Моластаў
Крыніца: tvr.by

24 студзеня, Позірк. Дзяржаўны памежны камітэт тлумачыць скарачэнне плыняў нелегальнай міграцыі ў краіны Еўрасаюза праз Беларусь умовамі надвор’я.

“Паток уцекачоў у сувязі з умовамі надвор’я, сезоннасцю крыху ўпаў. Зіма. Тым больш неаднаразова ў сродках масавай інфармацыі былі матэрыялы, колькі загінула бежанцаў на дзяржаўнай мяжы (у нашым прымежжы і ў сумежным), таму, вядома ж, людзі глядзяць і робяць меншую колькасць спроб перасекчы незаконна дзяржаўную мяжу”, — заявіў старшыня ДПК Канстанцін Моластаў у праграме “Размова ў прэзідэнта” 23 студзеня на тэлеканале “Беларусь 1”.

Ён сцвярджае, што “беларускімі пагранічнікамі робяцца пэўныя крокі па барацьбе з арганізаванымі групамі, арганізацыямі і людзьмі, якія займаюцца незаконнай міграцыяй”.

22 студзеня 5 мігрантаў спрабавалі нелегальна трапіць у Еўрасаюз з Беларусі (за дзень да гэтага — ніводнага), сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз статыстыкі памежных службаў суседніх дзяржаў ЕС.

Усе выпадкі зафіксаваны супрацоўнікамі Памежнай аховы Польшчы.

З пачатку гэтага года краіны ЕС спынілі 76 спроб нелегальнага пранікнення з Беларусі (Польшча — 67, Латвія — 5, Літва — 4). Літоўскія памежнікі зафіксавалі толькі адзін дзень, калі нелегалы рабілі спробы перасячы мяжу, іх латвійскія калегі — аналагічна, польскія — 13.

З пачатку міграцыйнага крызісу (вясна 2021 года) задакументавана дзевяць дзён, калі ні адна з гэтых краін не сутыкнулася са спробамі незаконнага перасячэння мяжы з беларускай тэрыторыі — 29 лістапада 2023 года, а таксама 4, 7, 8, 12, 13, 16, 20 і 21 студзеня 2024-га.

У 2023 годзе папярэджана 42.078 такіх спроб (Польшча — 25.571, Латвія — 13.863, Літва — 2.644), у 2022-м — 31.892 (Польшча — 15.655, Латвія — 2.126.1). Агульны рост склаў 31,9% (на польскім напрамку — у 1,6 раза, латвійскім — у 2,8 раза; на літоўскім зафіксавана зніжэнне ў 4,2 раза).

Статыстыка, выведзеная “Позіркам” на падставе штодзённых звестак, сведчыць, што напружанасць на мяжы Беларусі і ЕС вагаецца, да канца 2023 года яна прыкметна знізілася, тэндэнцыя назіраецца і ў пачатку 2024-га.

У студзені 2023 года, нягледзячы на зімовае надвор’е, было зафіксавана 1.989 спроб нелегальнага перасячэння межаў.

Польшча і краіны Балтыі ўскладаюць адказнасць за арганізацыю патокаў мігрантаў на афіцыйны Мінск. ДПК, у сваю чаргу, перыядычна заяўляе аб іх гібелі па віне службаў сумежных краін.

Падзяліцца: