Мінск 01:03

Лукашэнка назваў УНС “абмежавальнікам і наглядам” у перыяд змены пакаленняў

Крыніца: прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі

26 студзеня, Позірк. Усебеларускі народны сход (УНС) — “гэта і нейкі абмежавальнік для органаў улады, і нагляд зверху”, заявіў Аляксандр Лукашэнка 26 студзеня ў Мінску на ўручэнні дыпломаў доктара навук і атэстатаў прафесара.

Таму, сказаў ён, “і людзі там павінны быць адпаведныя прадстаўлены”.

“Нам бы не паўтарыць гарбачоўскі перыяд, калі мы, як мульцікі глядзелі, радаваліся: ах, шчасце прыйдзе. Краіну развалілі і ў яму трапілі, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. — Нам гэтага нельга паўтарыць. Таму гэты орган вельмі важны для нас, яго трэба ўмантаваць у нашае жыццё”.

УНС, паводле слоў Лукашэнкі, “павінен падчас пераходнага перыяду, змены пакаленняў быць на варце, ён павінен бачыць, што адбываецца”. “Таму і Ваенную дактрыну, і Канцэпцыю нацыянальнай бяспекі — пытанні вайны і міру (для нас яны найважнейшыя) — менавіта там павінны вырашаць”, — дадаў ён.

Паводле абноўленай рэдакцыі Канстытуцыі, УНС з’яўляецца “вышэйшым прадстаўнічым органам народаўладдзя”, які вызначае “стратэгічныя напрамкі развіцця грамадства і дзяржавы”, забяспечвае “непахіснасць канстытуцыйнага ладу, пераемнасць пакаленняў і грамадзянскую згоду”. Максімальная колькасць дэлегатаў УНС — 1.200, тэрмін іх паўнамоцтваў — пяць гадоў. Пасяджэнні УНС павінны праводзіцца не радзей як адзін раз на год.

УНС будзе зацвярджаць асноўныя напрамкі ўнутранай і знешняй палітыкі, Ваенную дактрыну, Канцэпцыю нацыянальнай бяспекі, праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі; заслухоўваць штогадовыя пасланні прэзідэнта да парламента; у яго будзе права заканадаўчай ініцыятывы, ён зможа прапаноўваць змены і дапаўненні ў Канстытуцыю, разглядаць пытанне пра легітымнасць выбараў ды інш.

У 2024 годзе ўпершыню ў Беларусі пройдуць аб’яднаныя выбары ў Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы. Адзіны дзень галасавання прызначаны на 25 лютага. На працягу 60 дзён пасля яго адбудзецца першае пасяджэнне Усебеларускага народнага сходу ў новым статусе. Вылучэнне кандыдатаў ва УНС пройдзе з 12 па 31 сакавіка.

Падзяліцца: