Мінск 19:52

Праваабаронцы: Усе этапы выбарчага працэсу былі арганізаваныя для ўтрымання ўлады, імітацыі народнай падтрымкі

Фота: ЦВК

27 лютага, Позірк. Маніторынг усіх этапаў выбарчай кампаніі дазваляе зрабіць выснову, што выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 8-га склікання і мясцовых саветаў дэпутатаў 29-га склікання “не адпавядалі міжнародным стандартам правядзення дэмакратычных і свабодных выбараў, а таксама суправаджаліся шматлікімі парушэннямі выбарчага заканадаўства”. Пра гэта гаворыцца ў папярэдняй справаздачы місіі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”, якую арганізавалі праваабарончы цэнтр “Вясна” і Беларускі Хельсінкскі камітэт.

“Усе этапы выбарчага працэсу не проста кантраляваліся ўладамі адміністрацыйна, а былі імі арганізаваныя для ўтрымання ўлады, імітацыі народнай падтрымкі і згоды ў грамадстве”, — лічаць назіральнікі.

Адзначаецца, што выбары “праходзілі ва ўмовах бесперапынных рэпрэсій; (…) фактычнай адсутнасці свабоды выказвання меркавання, мірных сходаў і асацыяцый; у атмасферы татальнага страху і ў зачышчаным палітычным полі”. Звяртаецца ўвага, у прыватнасці, на “непразрыстае фармаванне выбарчых камісій”; “узгодненыя ўладнай вертыкаллю спісы людзей, якія вылучаюцца ў кандыдаты, і зарэгістраваных кандыдатаў”; “працяг практыкі прымусу выбаршчыкаў да ўдзелу ў датэрміновым галасаванні”; “атмасферу запалохвання з забаронамі на фатаграфаванне і вынас бюлетэняў”; “непразрыстую працэдура падліку галасоў”; “поўную адсутнасць незалежных назіральнікаў”.

Этап вылучэння ў выбарчыя камісіі “суправаджаўся ціскам з боку праваахоўных органаў у выглядзе ператрусаў і праверак у дачыненні да людзей, якія праяўлялі актыўнасць падчас папярэдніх электаральных кампаній”.

“На фоне агульнай атмасферы страху, у тым ліку праз рэпрэсіі ў дачыненні да выбаршчыкаў, якія паставілі свае подпісы за вылучэнне альтэрнатыўных кандыдатаў на прэзідэнцкіх выбарах 2020 г.”, актыўнасць па вылучэнні шляхам збору подпісаў выбаршчыкаў у параўнанні з мінулымі выбарамі ў Палату прадстаўнікоў (у 2019 годзе. — “Позірк”.) знізілася амаль у тры разы, а ў мясцовыя саветы дэпутатаў — у паўтара, звяртаюць увагу праваабаронцы.

Большасць кандыдатаў займалі кіруючыя пасады, практычна адсутнічалі кандыдаты рабочых прафесій. “У адрозненне ад мінулых выбарчых цыклаў усіх кандыдатаў можна назваць праўладнымі, палітычная барацьба паміж імі адсутнічала”, — канстатуюць “Вясна” і БХК. У той жа час былі распаўсюджаныя сумесныя выступленні некалькіх кандыдатаў, зарэгістраваных па адной выбарчай акрузе, што “з’яўляецца нонсэнсам у канкурэнтнай выбарчай кампаніі”.

Многія зарэгістраваныя кандыдаты не карысталіся правам адкрываць спецыяльныя выбарчыя рахункі: толькі 160 кандыдатаў у ПП НС з 265 скарысталіся гэтай магчымасцю, астатнія 105 “праводзілі” кампанію, не маючы на яе сродкаў. Гэта “даказвае імітацыйны характар канкурэнтнасці на выбарах”, лічаць праваабаронцы.

У справаздачы слова “выбары” суправаджаецца “зорачкай”, “каб падкрэсліць умоўны характар гэтага тэрміна, бо любая свабодная і справядлівая выбарчая кампанія прадугледжвае перш за ўсё ўмовы, калі ў поўнай меры рэалізуюцца правы і свабоды, уключна з свабодай слова, свабодай мірных сходаў і асацыяцый, правам удзельнічаць у кіраванні сваёй дзяржавай, свабодай ад дыскрымінацыі, што ў цяперашні час у Беларусі практычна адсутнічае”.

Падзяліцца: