Мінск 22:02

Місія касманаўткі Васілеўскай толькі пачынаецца, заяўляе Лукашэнка

Фота: прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі

11 красавіка, Позірк. Місія першай касманаўткі суверэннай Беларусі Марыны Васілеўскай “толькі пачынаецца”, заявіў 11 красавіка Аляксандр Лукашэнка на ўрачыстай цырымоніі, прысвечанай палёту бортправадніцы “Белавія” на МКС.

“Я ведаю, што такое быць першым, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. — Момант раптоўнай славы — гэта новы груз адказнасці, вельмі цяжкі, які табе давядзецца несці ўжо ўсё жыццё. Я ўпэўнены: ты справішся. Мы табе не дамо зачарсцвець, застыць, закасцянець. Табе давядзецца вельмі шмат працаваць”.

Паводле яго сцвярджэння, у апошнія два тыдні “краіна жыла пад адным лозунгам, ідэяй: “Космас — наш!”

Палёт Васілеўскай ён назваў “новым узроўнем удзелу ў касмічных праграмах”, а таксама “новым узроўнем саюзных, вельмі добрых, брацкіх адносін Беларусі і Расіі”.

Звяртаючыся да Васілеўскай, ён адзначыў, што ёй “пашанцавала больш за іншых”: “Ты заслужыла гэты палёт, абсалютна аб’ектыўна”.

Гаворачы аб экіпажы ў цэлым, Лукашэнка заявіў, што “Марына сярод дзвюх імперый — расійская, самая перадавая ў космасе, і амерыканцы”. “Вы разумееце, гэта не проста імідж. Гэта найвялікшая перамога нашай краіны… Мы — касмічная краіна”, — сказаў ён.

Лукашэнка перакананы, што Беларусь умее рабіць для космасу вельмі шмат. Напрыклад, дадаў ён, у бліжэйшыя гады сумесна з Расіяй на арбіту будзе запушчаны “сучасны спадарожнік з высокім разрашэннем, які дазваляе з космасу выразна ўбачыць на зямлі прадметы памерам са запалкавы скрынак”.

11 красавіка Лукашэнка прысвоіў Васілеўскай званне “Герой Беларусі”.

Пасля некалькіх пераносаў запуску, а таксама адмененага па тэхнічных прычынах старту 21 сакавіка Васілеўская адправілася на Міжнародную касмічную станцыю 23 сакавіка — разам з камандзірам экіпажа Алегам Навіцкім (РФ, ураджэнец Беларусі) і астранаўткай НАСА Трэйсі Дайсан (ЗША).

Васілеўская і Навіцкі прабылі на арбіце 14 сутак (з іх 12 на Міжнароднай касмічнай станцыі) і вярнуліся на зямлю 6 красавіка. Пасля гэтага беларуска праходзіла ў Маскве праграму пасляпалётнага аднаўлення.

Бортправадніца авіякампаніі “Белавія” Васілеўская была прызначаная членам экспедыцыі наведвання касмічнай станцыі 29 траўня 2023 года. Яе дублёрам стала дзіцячы хірург Анастасія Лянкова. Усяго ад Беларусі на палёт у космас прэтэндавала шэсць жанчын.

На прэс-канферэнцыі 10 красавіка ў Мінску дырэктар прадпрыемства “Геаінфармацыйныя сістэмы” Нацыянальнай акадэміі навук (НАН) Сяргей Залаты заявіў, што сёння Мінск і Масква выконваюць сумесную праграму па стварэнні групоўкі малых касмічных апаратаў (РФ — 2, Беларусь — 1) вагой 10–50 кг. “Гэтая групоўка будзе вырашаць задачы, звязаныя і з дыстанцыйным зандзіраваннем Зямлі, маніторынгам калязямной прасторы і іёнасферы”, — паведаміў ён.

Апараты будуць гатовыя да запуску ў 2026 годзе, адправіць іх на арбіту плануецца ў 2027-м.

З нябёсаў на зямлю. Якую ролю будзе цяпер адыгрываць першая беларуская касманаўтка

Раніцай 6 красавіка на зямлю вярнуўся спушчальны апарат касмічнага карабля "Саюз МС-24 " з беларускай Марынай Васілеўскай, расіянінам беларускага паходжання Алегам Навіцкім і амерыканкай Лорай О'Хара. Першыя двое правялі ў экспедыцыі 14 сутак, амерыканка — 204. Цяпер у былой бортправадніцы …
Падзяліцца: