Мінск 08:57

Беларускі ПЭН асудзіў прыняцце парламентам Грузіі закона аб “замежных агентах”

Фота: "Позірк"

15 траўня, Позірк. Беларускі ПЭН далучыўся да заявы PEN International з асуджэннем прынятага ў Грузіі закона аб “празрыстасці замежнага ўплыву”, паведамляецца на старонцы арганізаціі.

Паводле заявы, прыняты закон вытрыманы “ў расійскім стылі”, яго зацвярджэнне парламентам “азмрочылася паліцэйскім гвалтам і жорсткімі нападамі невядомых на мірных дэманстрантаў”. 

“Усе вінаватыя ў незаконным ужыванні сілы і гвалтоўных нападах на пратэстоўцаў павінны быць прыцягнутыя да адказнасці, а рэпрэсіўнае заканадаўства тэрмінова адмененае”, — адзначылі ў арганізацыі.

Масавыя пратэсты супраць закону, гаворыцца ў заяве, “сутыкнуліся з прымяненнем сілы паліцыяй, што прывяло да раненняў сярод пратэстоўцаў і дзесяткаў неабгрунтаваных арыштаў”, а таксама “да гвалтоўных нападаў невядомых на заўважных крытыкаў урада, якія выглядаюць скаардынаванай кампаніяй”.

Сцвярджаецца, што больш за 30 журналістаў, якія асвятлялі акцыі пратэсту, а таксама “сотні крытыкаў закону”, атрымалі “ананімныя тэлефонныя званкі з пагрозамі ў апошнія дні”.

Дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская на сваёй старонцы ў сацсетцы X 12 траўня падтрымала грамадзян Грузіі, якія пратэстуюць супраць прыняцця ўрадам закона аб “празрыстасці замежнага ўплыву”.

“Маё сэрца з народам Грузіі, — напісала палітык. — Гвалт у дачыненні да мірных дэманстрантаў абсалютна непрымальны”.

На думку Ціханоўскай, народы Грузіі, Беларусі, Украіны, Малдовы і Арменіі заслугоўваюць будучыні ў складзе Еўрасаюза.

14 траўня парламент Грузіі ўхваліў у трэцім чытанні законапраект “Аб празрыстасці замежнага уплыву”. Разгляд дакумента дэпутатамі пачаўся 15 красавіка.

Законапраект ініцыяваны кіруючай партыяй “Грузінская мара”, ён прадугледжвае стварэнне рэестра арганізацый (НКА, СМІ і інш.), якія фінансуюцца з-за мяжы больш чым на 20%. Іх абавяжуць публікаваць гадавую фінансавую справаздачу.

Апазіцыйныя партыі і значная частка грамадства лічаць, што закон накіраваны на ўшчамленне палітычных і грамадзянскіх свабод у краіне. У незалежных медыя і сацсетках дакумент называюць “рускім законам” і “законам аб замежных агентах”. На думку яго праціўнікаў, дзеянне закона будзе аналагічным расійскаму, з дапамогай якога Крэмль пераследуе сваіх апанентаў.

Таксама заяўляецца, што гэта пазбавіць Грузію перспектывы ўступлення ў Еўрасаюз. Цяпер гэтая краіна мае статус кандыдата ў ЕС.

Падзяліцца: