Мінск 03:52

Інфармацыя пра неабходнасць з 1 чэрвеня мець страхоўку пры ўездзе ў Грузію пакуль не адпавядае рэчаіснасці

Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 16 траўня 2024 года ў 13:23

16 траўня, Позірк. Паводле інфармацыі “Позірку”, распаўсюджаныя шэрагам інтэрнэт-рэсурсаў паведамленні аб неабходнасці з 1 чэрвеня мець страхоўку пры ўездзе ў Грузію пакуль не адпавядаюць рэчаіснасці.

У канцы 2023 года грузінскі парламент ухваліў папраўкі ў закон “Аб турызме і курортах”, згодна з якімі замежнікі, якія ўязджаюць у краіну, з 1 чэрвеня 2024 года павінны мець поліс медыцынскага страхавання. Планавалася, што ўрад распрацуе і зацвердзіць асобнай пастановай сістэму страхавання замежнікаў, аднак гэта пакуль не адбылося, абмеркаванне працягваецца, паведамілі “Позірку” прадстаўнікі двух грузінскіх страхавых кампаній.

Гэтую інфармацыю пацвярджае папулярны (больш за 100 тыс. падпісчыкаў) рускамоўны тэлеграм-канал “Николай Левшиц — channel in Georgia / Грузия”. Паводле ягоных звестак, пастанова да 1 чэрвеня будзе зацверджаная, аднак яе рэалізацыя, імаверна, будзе адкладзеная “на некалькі месяцаў”.

Раней шэраг СМІ паведаміў, што з 1 чэрвеня пры ўездзе ў Грузію неабходна мець поліс, які пакрывае выдаткі на экстранныя амбулаторныя паслугі ў памеры 5 тыс. долараў альбо еўра, на паслугі стацыянараў — у памеры 30 тыс. долараў альбо еўра. Адсутнасць страхоўкі цягне штраф у памеры 300 лары (каля 100 еўра), сума павышаецца ўдвая, калі штраф не аплочаны ў вызначаны тэрмін, і ўтрая — калі ён не аплочаны на працягу месяца пасля вызначанага тэрміну.

Першакрыніцай інфармацыі быў тэлеграм-канал Асацыяцыі тураператараў Расіі.

Грузія стала адной з краін, куды выязджаюць беларусы, якія ратуюцца ад рэпрэсій. Там можна знаходзіцца 364 дні на год, віза не патрэбная. Паводле звестак Нацыянальнай адміністрацыі турызму, у студзені — сакавіку 2024 года Грузію наведала 17.236 грамадзян Беларусі — на 6,3% менш, чым у першым квартале 2023-га (18.400).

На пачатку 2024 года стала вядома, што за мінулы год колькасць грамадзян Беларусі, якія знаходзяцца ў Грузіі, зменшылася на 1.999, або на 15% (на 1 студзеня 2023-га ў Грузіі пражываў 13.361 беларускі грамадзянін).

На пачатак мінулага года беларусы з’яўляліся трэцяй па колькасці замежнай групай у Грузіі пасля расіян (62.304) і ўкраінцаў (20.716).

У першым квартале 2024 года 9 грамадзян Беларусі папрасілі ў Грузіі прытулку.

Падзяліцца: