Мінск 20:46

Кітайская кампанія адклала пастаўку электравозаў у Беларусь праз боязь трапіць пад санкцыі — СЧБ

Крыніца: crrcgc.cc

23 чэрвеня, Позірк. Праз боязь трапіць пад заходнія санкцыі кітайскі вытворца цягнікоў CRRC Datong Co., Ltd. адклаў пастаўку ў Беларусь 15 грузавых электравозаў, паведамляе медыяпраект “Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі” (СЧБ).

Са спасылкай на наяўныя дакументы СЧБ сцвярджае, што кітайская кампанія павінна была паставіць электравозы ў канцы 2023 года, цяпер жа тэрміны перанесеныя на 2025–2026 гады.

Заяўляецца, што санкцыйныя рызыкі заключаюцца ў наяўнасці ў цягніках абсталявання заходняй вытворчасці.

“Да такога абсталявання адносяцца сілавыя трансфарматары, цягавыя электрарухавікі і пераўтваральнікі, а таксама амаль усе сістэмы кіравання, дыягностыкі і маніторынгу”, — гаворыцца ў паведамленні.

Адзначаецца, што згаданыя вузлы CRRC Datong Co., Ltd закупляе ў Францыі, Канадзе, Швецыі, Швейцарыі, Германіі, ЗША.

Цяпер кітайскі вытворца пры ўдзеле Міністэрства камерцыі КНР разглядае варыянты абыходу санкцый, не адмаўляючыся ад здзелкі з Беларускай чыгункай.

Паводле звестак СЧБ, для рэалізацыі кантракту кітайскі бок выдзеліў беларускай крэдыт.

“На гэтым фоне пафасныя заявы БЧ на старонках сваіх інфармацыйных рэсурсаў аб засваенні ў лакаматыўным дэпо Баранавічаў <…> поўнага цыклу абслугоўвання беларуска-кітайскіх электравозаў у выглядзе капітальнага рамонту выглядаюць вельмі вартымі жалю”, — падкрэсліваецца ў публікацыі.

СЧБ дапускае, што схема абыходу санкцый будзе распрацаваная і кітайскія электравозы даставяць у Беларусь, але гэта можа істотна павялічыць “кошт выніковага прадукту”.

“Шмат што залежыць ад прынцыповасці выканання санкцыйных абмежаванняў еўрапейскімі і амерыканскімі пастаўшчыкамі”, — канстатуе “Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі”.

ЗША ўвялі новыя санкцыі супраць беларускіх кампаній і фізічных асоб

13 чэрвеня, Позірк. За падтрымку расійскай агрэсіі ва Украіне Злучаныя Штаты Амерыкі ўвялі 12 чэрвеня санкцыі ў дачыненні да больш як 300 кампаній у розных краінах, а таксама іх кіраўнікоў, паведамляецца на сайце Дзярждэпартамента ЗША. Большасць юрыдычных і фізічных асоб …
Падзяліцца: