Мінск 06:08

Алейнік: Беларусь гатовая абмяркоўваць з Польшчай бяспеку на мяжы

Ілюстрацыйнае фота: прэс-служба Памежнай аховы Польшчы

24 чэрвеня, Позірк. Беларусь гатова абмяркоўваць з Польшчай бяспеку на мяжы “на раўнапраўнай і ўзаемапаважлівай аснове”, заявіў журналістам 24 чэрвеня ў Мінску міністр замежных спраў Сяргей Алейнік па выніках перагавораў з расійскім калегам Сяргеем Лаўровым.

Паводле слоў Алейніка, якога цытуюць дзяржаўныя СМІ, “адзіны шлях дээскалацыі — гэта шлях да дыялогу”.

“Калі Польшча да гэтага гатовая, хаця б па пытаннях прыгранічнай супрацы, супрацоўніцтва, якое згорнута з ініцыятывы польскага боку і іншых еўрапейскіх партнёраў, то мы гатовыя гэтыя тэмы абмяркоўваць”, — адзначыў міністр.

Пры гэтым кіраўнік МЗС падкрэсліў, што апошнія выказванні яго польскага калегі Радаслава Сікорскага пра абмеркаванне магчымасці канчаткова закрыць мяжу з Беларуссю “цалкам дысануюць з выказваннямі, якія Польшча рабіла некалькі тыдняў таму, прапаноўваючы адкрыць дадатковыя пункты пропуску”.

“Трэба дакладна разумець, што гэтыя заклікі і гэтыя прапановы скіраваныя не толькі і не столькі супраць польскіх грамадзян і польскіх рэгіёнаў, эканамічнага развіцця польскіх рэгіёнаў, колькі скіраваныя супраць грамадзян іншых краін ЕС, СНД і так званай Вялікай Еўразіі. Таму мы павінны дакладна разумець, што міграцыйныя плыні ніяк не залежаць ад такога кшталту рашэнняў”, — сцвярджае Алейнік.

На сустрэчы з Лаўровым сярод іншага абмяркоўваліся пытанні “каардынацыі і нарошчвання намаганняў па супрацьдзеянні рэстрыкцыям і санкцыям з боку ЗША, ЕС і іх сатэлітаў”

“Мы па-ранейшаму не маем намеру ініцыятыўна наносіць шкоду бізнесу, гуманітарнаму ці іншым відам практычнага супрацоўніцтва, трансгранічным і чалавечым кантактам. Але на ўсе незаконныя меры ціску будзем працягваць асіметрычна адказваць”, — заявіў кіраўнік беларускага МЗС.

Цяпер на мяжы Польшчы і Беларусі працуе два пункты пропуску: для пасажырскіх перавозак — Цярэспаль (з іншага боку — Брэст), для грузавых — Кукурыкі (Казловічы).

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда, які знаходзіцца з візітам у Кітаі, 24 чэрвеня абмеркаваў са старшынёй КНР Сі Цзіньпінам праблемы, звязаныя з “ціскам, гібрыднай атакай”, якую “беларускія ўлады праводзяць на польскай мяжы з 2021 года”.

Міграцыйны крызіс, які цягнецца з вясны 2021 года, Варшава, Рыга і Вільнюс называюць “гібрыднай атакай”, арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве.

6 чэрвеня стала вядома пра смерць польскага вайскоўца 1-й танкавай брыгады Матэвуша Сітака, параненага нажом 28 траўня на мяжы з Беларуссю. Паводле інфармацыі Памежнай аховы Польшчы, вайсковец зазнаў напад мігранта, які ў складзе вялікай групы спрабаваў незаконна перасекчы мяжу з боку Беларусі.

13 чэрвеня на польска-беларускай мяжы распачала дзеянне буферная зона. Паводле інфармацыі МУС Польшчы, дзякуючы ёй колькасць спробаў парушэння мяжы скарацілася прыкладна на траціну.

Падзяліцца: