Мінск 05:58

Улады Беларусі загаварылі пра жаданне аднавіць супрацу з Літвой

Вільнюс
Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

26 верасня, Позірк. Жаданне аднавіць супрацу з Літвой прасочваецца ў артыкуле, напісаным міністрам замежных спраў Беларусі Максімам Рыжанковым для найбуйнейшай дзяржаўнай газеты “СБ. Беларусь сёння”.

Чыноўнік пачынае з таго, што “беларуска-літоўскія стасункі на цяперашнім этапе <…> перажываюць найгоршы перыяд за ўсю гісторыю двухбаковага ўзаемадзеяння”, і абвінавачвае Вільнюс у тым, што ў 2020 годзе той зрабіў стаўку “на дзяржаўны пераварот” у Беларусі, “развязаў недальнабачную гібрыдную вайну супраць беларускай дзяржавы і народа”.

Штогадовыя прамыя страты літоўскай эканомікі ад разрыву сувязей з Беларуссю, як сцвярджае міністр, “ацэньваюцца амаль у 1 мільярд долараў”. Адмова ад супрацы з Мінскам, лічыць ён, нанесла “катастрафічны ўдар па транзітнай галіне Літвы, працы Клайпедскага порта і Літоўскай чыгунцы”, прывяла да “скарачэння літоўскага экспарту, рэзкага пагаршэння эканамічнага становішча прадпрыемстваў, якія працавалі ў кааперацыі з беларускімі партнёрамі ў розных галінах, страты турыстычнага бізнесу”.

Пра тое, як ад разрыву супрацы з Літвой пацярпела эканоміка Беларусі, Рыжанкоў не згадаў. Ён адзначыў, што “Беларусь вымушана і вельмі паспяхова дыверсіфікуе свае эканамічныя сувязі”, не прывёўшы таму ніякіх пацверджанняў.

“Няўжо вам не патрэбныя танныя стабільныя пастаўкі беларускай электраэнергіі, цэны за якую ў вашых жыроўках пастаянна б’юць новыя рэкорды?” — завочна задаў пытанне Вільнюсу кіраўнік беларускага МЗС. Паводле яго сцвярджэння, сёння “пры некаторай стабілізацыі рынку электраэнергіі” ў Літве цэны “ў шэсць разоў перавышаюць беларускія (0,06 еўра за 1 кВт супраць 0,36 еўра)”.

Літоўцам, на думку Рыжанкова, не перашкодзілі б “так неабходныя, асабліва ў рэгіёнах, пастаўкі па разумных цэнах паліўных пелет, дроў, угнаенняў, нафтапрадуктаў, харчавання, лекавых прэпаратаў”.

“У парадак дня маглі б вярнуцца і такія напрамкі, як аднаўленне адукацыйных і культурных абменаў, сумесных навуковых праграм, працяг рэканструкцыі пунктаў пропуску, рэалізацыя прыродаахоўных праектаў, узаемадзеянне ў энергетыцы, стварэнне сумесных вытворчасцей і, самыя галоўныя, нармальныя чалавечыя зносіны паміж беларусамі і літоўцамі”, — падсумаваў кіраўнік МЗС.

Пасля выбараў 2020 года Літва стала адной з краін, якія найбольш актыўна падтрымалі грамадзянскую супольнасць і дэмакратычныя сілы Беларусі. Кантакты з афіцыйным Мінскам былі зведзеныя да мінімуму, а пасля пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны, у якой рэжым Аляксандра Лукашэнкі падтрымлівае Крэмль, і разгорнутага міграцыйнага крызісу на мяжы практычна цалкам спыніліся.

У 2021 годзе ЕС, ЗША, Вялікабрытанія і Канада ўвялі санкцыі ў дачыненні да “Беларуськалія”. Праз уплыў абмежавальных мер у студзені 2022-га нарвежскі пастаўшчык калія Yara — адзін з найбуйнейшых у Еўропе пакупнікоў беларускіх угнаенняў — абвясціў пра спыненне супрацы з прадпрыемствам. 1 лютага таго ж года спыніўся экспарт калійных угнаенняў праз літоўскі порт у Клайпедзе.

У сакавіку 2022 года спыніў працу тэрмінал сыпкіх грузаў ВКТ Клайпедскага порта (Biriu kroviniu terminalas), 30% акцый якога належыць “Беларуськалію” (у верасні 2023-га ён зноў запрацаваў — стаў загружаць збожжа).

24 лютага 2023 года Савет ЕС абнавіў і падоўжыў санкцыі ў дачыненні да Беларусі, якімі забаранялася перамяшчэнне па тэрыторыі ЕС калійных угнаенняў з Беларусі. BKT вырашыў аспрэчваць санкцыі ў судзе. 18 снежня таго ж года стала вядома, што Еўрапейскі суд адхіліў іск BKT супраць Савета ЕС.

8 жніўня 2023 года Літва закрыла пункты пропуску Шумскас (з беларускага боку Лоша) і Цвярачус (Відзы), 1 сакавіка 2024-га — Лаварышкес (Катлоўка) і Райгардас (Прывалка). На мяжы з Беларуссю працягваюць працаваць два пагранпераходы — Мядзінінкай і Шальчынінкай.

Лукашэнка, прымаючы 16 верасня з дакладам старшыню Дзяржаўнага мытнага камітэта Уладзіміра Арлоўскага, паставіў “шэраг пытанняў, якія тычацца “забеспячэння транзіту грузаў і дапамогі прадпрыемствам ва ўмовах абмежаванняў з боку Захаду і пераарыентацыі на ўсходні напрамак”.

Гл. таксама:

Мытня Беларусі абвінаваціла Літву ў “грэблівым стаўленні да людзей”

Падзяліцца: