Мінск 03:30

У ЕС абмяркоўваюць новыя пошліны на ўвоз сельгаспрадукцыі з Беларусі — СМІ

Фота: "Позірк"

25 кастрычніка, Позірк. Шэраг краін Еўрапейскага саюза прапануюць увесці новыя пошліны на ўвоз сельгаспрадукцыі з Расіі і Беларусі, паведамляе агенцтва Bloomberg.

Адзначаецца, што некалькі дзяржаў ЕС, “якія імкнуцца абмежаваць даходы Масквы”, заклікаюць “увесці маштабныя пошліны на імпарт сельскагаспадарчай прадукцыі і рыбы з Расіі і Беларусі ў дадатак да ўстаноўленых больш высокіх пошлін на збожжавыя прадукты”.

“Паводле слоў людзей, знаёмых са зместам перамоваў, удар можа закрануць і вытворцаў угнаенняў”, — гаворыцца ў публікацыі.

Падкрэсліваецца, што некаторыя краіны ЕС не падтрымліваюць увядзенне новых мытных пошлін.

“Яны заклікалі да асцярожнасці, папрасіўшы спачатку ацаніць уплыў любых мер на імпарт у Еўрасаюз і цэны на прадукты харчавання”, — паведаміла на ўмовах ананімнасці крыніца Bloomberg.

У пачатку сакавіка прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск заявіў пра намер ініцыяваць увядзенне “поўных санкцый” на ўвоз у ЕС сельскагаспадарчых і харчовых тавараў з Беларусі і Расіі. Праз некалькі дзён улады Латвіі паведамілі, што ўвядуць забарону на ўвоз у краіну гародніны, садавіны і некаторай іншай сельскагаспадарчай прадукцыі з гэтых краін.

18 красавіка Еўрапейскі савет ухваліў пошліны на ўвоз у ЕС беларускіх і расійскіх збожжавых, алейных і прадуктаў іх перапрацоўкі, уключаючы пшаніцу, кукурузу і сланечнікавы шрот. Орган заклікаў Савет ЕС і Еўракамісію працягнуць працу па ўвядзенні дадатковых пошлін.

3 траўня прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў, што Еўрапейская камісія ацэньвае, якая расійская і беларуская сельскагаспадарчая прадукцыя можа быць абкладзеная выключна высокімі мытнымі пошлінамі, што прывядзе да скарачэння яе патоку ў Еўропу.

У дачыненні да беларускіх калійных угнаенняў дзейнічаюць санкцыі ЕС.

7 кастрычніка паведамлялася, што доля беларускіх мінеральных угнаенняў на польскім рынку ў першым паўгоддзі 2024 года склала 6,9%.

Падзяліцца: