Мінск 01:13

Пастаянны прадстаўнік Беларусі ў Жэневе абвінаваціла экспертаў ААН у паклёпе

19 сакавіка, Позірк. Прадстаўлены 19 сакавіка на 58-й сесіі Савета ААН па правах чалавека (СПЧ) даклад групы незалежных экспертаў па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі — “чарговае сумнае сведчанне таго, як выбарчыя краінавыя механізмы ператвараюць у фарс міжнародны аспект работы па правах чалавека“. З такім сцвярджэннем ад імя беларускіх уладаў выступіла на сесіі СПЧ 19 сакавіка пастаянны прадстаўнік Беларусі пры Аддзяленні ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе Ларыса Бельская.

На яе думку, у СПЧ “няма мандата на так званыя расследаванні і ацэнкі палітычнага ладу суверэнных дзяржаў“.

“Контрпрадуктыўнай ёсць установа любых краінавых механізмаў без згоды закранутай краіны. Распаўсюджванне практыкі стварэння краінавых механізмаў зрабіла відавочным тое, што яны абслугоўваюць інтарэсы іх ініцыятараў, а не садзейнічаюць супрацоўніцтву. Гэтыя мандаты найлепшым вобразам служаць маніпулятыўнай палітыцы Захаду. І чым больш мандатаў, чым адыёзныя іх высновы, тым лепш!” — цытуе Бельскую сайт узначаленага ёю прадстаўніцтва.

Паводле заявы пастаяннага прадстаўніка, на падставе дакладаў па Беларусі Захад “уводзіць аднабаковыя прымусовыя меры, апраўдвае ўмяшанне ва ўнутраныя справы і выбарчыя працэсы, фінансуе тых, хто зрабіў стаўку на разбурэнне беларускай дзяржаўнасці і лабіруе санкцыі для прычынення шкоды краіне, у якой яны не змаглі захапіць уладу“.

Бельская заявіла, што “стваральнікі даклада настолькі “незалежныя“, што могуць выдаваць асабліва ідэалагічны падыход за аб’ектыўны аналіз і не адказваць ні за дакладнасць інфармацыі, ні за тое, як выкарыстоўваюцца іх надуманыя, а ў шэрагу выпадкаў адкрыта паклёпніцкія высновы”.

Прадстаўлены экспертамі СПЧ ААН даклад дыпламат ахарактарызавала як “бяздоказнае замоўнае эсэ, закліканае неяк растлумачыць, чаму ЕС прызначыў Беларусь “злосным парушальнікам правоў чалавека”.

Бельская абвінаваціла Захад, у якога ў 2020 годзе, паводле яе сцвярджэння, не атрымалася “падарваць палітычную сістэму і стварыць хаос у краіне“, у спробе ўзяць рэванш. Яна заявіла, што “падчас нядаўніх прэзідэнцкіх выбараў народ пацвердзіў свой выбар на карысць стабільнасці“. “Народ Беларусі шануе тое, што дзяржава прыкладае максімум намаганняў, каб забяспечыць сваім грамадзянам мір і росквіт, магчымасць найлепшым чынам рэалізаваць свае правы, свабоды і патэнцыял ва ўсіх сферах жыцця“, — сказала пастаянны прадстаўнік.

Паводле выразу Бельскай, гэтую палітыку “падтрымліваюць тысячы НДА і сотні прафсаюзных арганізацый, якія вырашаюць рэальныя праблемы і абараняюць правы людзей, не супрацьпастаўляючы сябе дзяржаве“. Прамоўца не згадала татальную зачыстку палітычнага поля ад не лаяльных рэжыму палітычных, прафсаюзных, грамадскіх структур.

Дыпламат заявіла, што ў Беларусі “няма пераследаў па палітычных матывах“, “ёсць выразныя заканадаўчыя рамкі для рэалізацыі эканамічных, сацыяльных, грамадзянскіх, палітычных, культурных і іншых правоў“.

Памілаванне Аляксандрам Лукашэнкам 293 чалавек, якія “раскаяліся ва ўчыненых злачынствах, звязаных з антыдзяржаўнай дзейнасцю“, Бельская назвала доказам таго, што гуманнасць з’яўляецца “важным аспектам” палітыкі беларускай дзяржавы.

Заявіўшы, што не мае патрэбы “ў палітызаваных інструментах СПЧ, якія абслугоўваюць групу краін для ціску на Беларусь“, Бельская заклікала “спыніць працу гэтых механізмаў“.

Выступ Бельскай быў першым пасля прадстаўлення кіраўніком групы незалежных экспертаў па становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Карынай Маскаленка асноўных высноў першага даклада згаданай групы, у якім канстатуецца, што ўрад Беларусі “здзейсніў шырокамаштабныя парушэнні правоў чалавека ў дачыненні да грамадзянскага насельніцтва“.

Гэтыя парушэнні, на думку групы, з’яўляюцца “часткай жорсткіх намаганняў па падаўленні любой апазіцыі праўленню прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі”. Пры гэтым “некаторыя з гэтых парушэнняў прыраўноўваюцца да злачынстваў супраць чалавечнасці”.

Пасля Бельскай на сесіі выступілі (у храналагічным парадку) прадстаўнікі Эстоніі (ад імя групы краін), ЕС, Венесуэлы (ад імя групы краін), Літвы, Ліхтэнштэйна, Чэхіі, Люксембурга, Германіі, Швейцарыі, КНДР, Мальты, Балгарыі, Ірана, Нідэрландаў, Албаніі, Бельгіі, Эрытрэі, Расіі, Кітая, Грэцыі, Кубы, Лаоса, Румыніі, Польшчы, Аўстрыі, Кіпра, Ірландыі, Вялікабрытаніі, Малдовы, Венесуэлы, Францыі, Харватыі, Зімбабвэ, Эфіопіі, Шры-Ланкі, Камбоджы, Судана, Азербайджана, Украіны, Бурундзі, Казахстана, Кыргызстана, Іспаніі і Егіпта. Таксама слова было прадастаўлена віцэ-прэзідэнту СПЧ і прадстаўнікам 9 праваабарончых арганізацый, уключаючы Беларускі Хельсінкскі камітэт.

Група незалежных экспертаў па становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі была створаная СПЧ 4 красавіка 2024 года “на аднаўляльны перыяд у адзін год“ для расследавання і ўстанаўлення фактаў, абставінаў і карэнных прычын усіх меркаваных парушэнняў і ўшчамленняў правоў чалавека і парушэнняў, учыненых у Беларусі з 1 траўня 2020 года, уключаючы іх гендэрныя і ўзроставыя аспекты і іх уздзеянне на ахвяр і пацярпелых.

Склад групы быў вызначаны ў чэрвені 2024 года. У яе ўвайшлі дырэктар міжнароднага праекта па правах жанчын Сьюзан Базылі (Канада), загадчыца кафедры крыміналогіі юрыдычнага факультэта Варшаўскага ўніверсітэта Моніка Станіслава Платэк (Польшча) і юрыст-праваабаронца Карына Маскаленка (Расія; кіраўнік групы).

Падзяліцца: