Мінск 20:27

Тэма “Арэшніку” выкарыстоўваецца як частка стратэгіі інфармацыйна-псіхалагічнага ўздзеяння на Захад — ISW

Ілюстрацыйнае фота: Sivani Bandaru / unsplash.com

1 лістапада, Позірк. Масква і Мінск працягваюць пагражаць Еўропе “магчымым будучым размяшчэннем ракетных комплексаў “Арэшнік” у Беларусі”, гаворыцца ў справаздачы амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW).

“ISW па-ранейшаму лічыць, што Расія выкарыстоўвае “Арэшнік” як элемент стратэгіі інфармацыйна-псіхалагічнага ўздзеяння і ядзернага ціску, скіраванай на паслабленне рашучасці Захаду працягваць вайсковую падтрымку Украіны”, — падкрэслілі аналітыкі.

Падчас наведвання Лепельскага раёна (Віцебская вобласць) 31 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка, паводле паведамлення яго прэс-службы, “пацвердзіў планы” наконт расійскага “Арэшніка” ў Беларусі.

“Арэшнік” — страшная зброя. У снежні стане на баявое дзяжурства, — сказаў ён. — Навошта? Я хачу, каб яны (за мяжой. — “Позірк”.) разумелі, што мы можам бахнуць, калі будзе дрэнна. Вось мы сядзем з [прэзідэнтам РФ Уладзімірам] Пуціным, прымем рашэнне і бахнем. Таму не нарывайцеся. Бо вайна пачыналася ва Украіне з гэтага. На Данбасе гнабілі рускамоўных, забівалі, цкавалі. Гэта было на маіх вачах”.

Узброены канфлікт на ўсходзе Украіны распачаўся ў красавіку 2014 года — праз паўтара месяца пасля перамогі Еўрамайдана, удзельнікі якога выступалі за шлях еўраінтэграцыі; расійскай акупацыі Крыма і дэ-факта прамой вайсковай падтрымкі сепаратысцкіх рухаў у Данецкай і Луганскай абласцях з боку Крамля. Кіеў вядзе адлік развязанай РФ вайны менавіта з тае пары, разглядаючы 22 лютага 2022 года як яе чарговы этап — прамое поўнамаштабнае ўварванне.

“Прыгнёт рускамоўных” — адзін з традыцыйных наратываў расійскай прапаганды, закліканых апраўдаць знешнюю агрэсію Масквы. Сама ж агрэсія шмат у чым ідэалагічна звязаная з адмаўленнем украінскай дзяржаўнасці і ўкраінцаў як асобнага народа з боку расійскага кіраўніцтва. Улады ў Мінску падтрымліваюць агрэсію РФ.

Упершыню пра жаданне размясціць “Арэшнік” на тэрыторыі Беларусі Лукашэнка заявіў 28 лістапада 2024 года на палях саміту АДКБ у Астане (Казахстан).

Па выніках пасяджэння Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы, якое адбылося 6 снежня таго года, Масква і Мінск зацвердзілі агульную канцэпцыю бяспекі і заключылі міждзяржаўны дагавор аб гарантыях бяспекі. Лукашэнка пасля пасяджэння заявіў, што папрасіў Пуціна размясціць у Беларусі “Арэшнік”. Пуцін адзначыў, што гэты ракетны комплекс можна будзе размясціць на беларускай тэрыторыі ў другой палове 2025 года.

14 сакавіка 2025 года, выступаючы ў Савеце Федэрацыі РФ, Лукашэнка сярод іншага заявіў, што Масква перадасць Беларусі некалькі ракетных комплексаў “Арэшнік” да канца года. Пускавыя ўстаноўкі да ракетнага комплексу, адзначыў ён, вырабляюць у Беларусі.

18 сакавіка дзяржсакратар Савета бяспекі Беларусі Аляксандр Вальфовіч заявіў, што ў краіне падрыхтаваныя пляцоўкі для размяшчэння “Арэшніка”.

На сумеснай з Лукашэнкам прэс-канферэнцыі на Валааме (Карэлія, РФ) 1 жніўня Пуцін заявіў, што беларускія і расійскія вайсковыя спецыялісты ўжо выбралі месца для дыслакацыі “Арэшніка”. На той момант, паводле слоў палітыка, ішла “праца па падрыхтоўцы гэтых пазіцый”: “Хутчэй за ўсё, да канца года мы гэтае пытанне закрыем”.

На нарадзе ў прысутнасці СМІ 31 кастрычніка прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што размяшчэнне ў Беларусі “Арэшніка” нясе небяспеку для Еўропы. “У іх радыус дзеяння 5.000 кіламетраў, і маецца “мёртвая зона” каля 700 кіламетраў. То бок еўрапейцам, асабліва ва Усходняй Еўропе, трэба звярнуць на гэтую ўвагу, і нашым балтыйскім калегам, ды і ўсім. Трэба звярнуць увагу на гэтыя рызыкі”, — падкрэсліў ён.

Падзяліцца: