Мінск 09:03

Эксперты ААН выказалі занепакоенасць умовамі ўтрымання ў наваполацкай калоніі

20 красавіка, Позірк. “Сур’ёзную занепакоенасць у сувязі з паведамленнямі аб працяглым утрыманні без сувязі са знешнім светам і ўмовах утрымання ў папраўчай калоніі ў Наваполацку“ выказала група экспертаў ААН.

“Атрыманая намі інфармацыя паказвае на вельмі трывожную практыку ўтрымання пад вартай, якая можа ўяўляць сабой сур’ёзныя парушэнні міжнароднага права“, — гаворыцца ў заяве.

Эксперты “глыбока занепакоеныя тым, што зняволеныя ў наваполацкай калоніі могуць зведваць працяглае адзіночнае зняволенне, дысцыплінарныя спагнанні і фізічныя пакаранні пасля спробаў самагубства, пазбаўленне неабходнай медыцынскай дапамогі і рэпрэсіі за спробы падаць скаргі, асабліва пасля канфідэнцыйных сустрэч з псіхолагам калоніі”.

“У выпадку пацверджання такія практыкі могуць кваліфікавацца як катаванні і жорсткае абыходжанне, а пры пэўных абставінах — як гвалтоўныя знікненні”, — падкрэсліваюць эксперты. Яны звяртаюць увагу, што “і катаванні, і гвалтоўныя знікненні забароненыя міжнародным правам, уключаючы нормы звычайнага міжнароднага права”.

Прыводзіцца прыклад журналіста і блогера Ігара Лосіка, які “быў адвольна затрыманы з чэрвеня 2022 года да верасня 2025 года паводле палітычна матываваных абвінавачванняў і ўтрымліваўся ў розных установах у Беларусі, уключаючы следчы ізалятар КДБ у Мінску і папраўчую калонію № 1 у Наваполацку”. У верасні 2023 года яго справу разгледзела Рабочая група ААН па адвольных затрыманнях.

Адзначаецца, што Лосік “зведваў працяглую ізаляцыю ў цяжкіх умовах і быў пазбаўлены кантактаў з сям’ёй, перапіскі і эфектыўнай прававой дапамогі”, яго звароты ў міжнародныя праваабарончыя органы “меркавана не перадаваліся”, а яго адвакаты “сутыкнуліся з пазбаўленнем ліцэнзіі і затрыманнем”.

“Паводле наяўнай інфармацыі, Лосік двойчы спрабаваў пакончыць з сабой у зняволенні. У сакавіку 2023 года, пасля паведамлення аб паўторным памяшканні ў ізаляцыю, ён нанёс сабе сур’ёзныя пашкоджанні, аднак яму было адмоўлена ў шпіталізацыі, і ён быў змешчаны ў дысцыплінарны (штрафны. — Позірк.) ізалятар”, — паведамляюць эксперты ААН.

Яны падкрэсліваюць, што “пакаранне зняволеных за спробы самагубства замест забеспячэння тэрміновай псіхалагічнай і медыцынскай дапамогі выклікае глыбокую трывогу і несумяшчальна з асноўнымі стандартамі правоў чалавека, уключаючы права на жыццё, здароўе і свабоду ад катаванняў і жорсткага абыходжання”.

Эксперты таксама занепакоеныя тым, што Лосік быў уключаны ў спісы асоб, якія маюць дачыненне да тэрарызму і экстрэмізму, нягледзячы на адсутнасць адпаведнага прысуду. Яны заклікалі Беларусь “спыніць злоўжыванне тэрарыстычнымі спісамі і забяспечыць адпаведнасць міжнароднаму праву”.

У заяве выказваецца занепакоенасць “у сувязі з паведамленнем пра смерць у 2023 годзе пажылога зняволенага з праблемамі са здароўем, які ўтрымліваўся ва ўмовах дысцыплінарнай ізаляцыі без належнай медыцынскай дапамогі”. “Застаецца незразумелым, ці праводзілася расследаванне ягонай смерці”, — адзначаюць экспэрты.

Прозвішча памерлага не называецца. Гаворка можа ісці пра 61-гадовага інваліда 2-й групы Мікалая Клімовіча альбо 57-гадовага мастака Алеся Пушкіна, які своечасова не атрымаў дапамогі пры прабадной язве.

“Смерці ў месцах пазбаўлення волі на фоне паведамленняў аб ізаляцыі, пазбаўленні медыцынскай дапамогі і ўтойванні інфармацыі ад сем’яў выклікаюць самыя сур’ёзныя асцярогі з пункту гледжання міжнароднага права, уключаючы правы на жыццё, свабоду і асабістую недатыкальнасць, здароўе, а таксама забарону катаванняў і гвалтоўных знікненняў“, — падкрэсліваецца ў заяве.

Эксперты заклікаюць улады краіны “забяспечыць гуманныя ўмовы ўтрымання, гарантаваць доступ да незалежнай медыцынскай і псіхалагічнай дапамогі і правесці надзейныя расследавання ўсіх выпадкаў смерці і сур’ёзных траўмаў у месцах пазбаўлення волі”.

Паведамляецца, што “датычна дадзеных выпадкаў 16 сакавіка 2026 года эксперты накіравалі зварот ураду Беларусі”.

Заяву падпісалі:

Нілс Муйжніекс (спецыяльны дакладчык па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі);

Мэцью Джылет, Ганна Юдківська, Ітан Хі-Сок Шын, Мірыям Эстрада Касцільё, Мумба Маліла (усе — Рабочая група па адвольных затрыманнях);

Габрыэла Чытроні, Гражына Бараноўска, Ауа Балдэ, Ана Ларэна Дэльгадзільё Перэс, Махамед Аль-Абаідзі (усе — Рабочая група па гвалтоўных або недобраахвотных знікненнях);

Морыс Цідбал-Бінц (спецыяльны дакладчык па пазасудовых, сумарных або адвольных пакараннях смерцю);

Айрын Хан (спецыяльны дакладчык па пытанні аб заахвочванні і абароне права на свабоду меркаванняў і іх свабоднае выказванне);

Клаўдыя Малер (незалежны эксперт па пытанні аб ажыццяўленні ўсімі пажылымі людзьмі ўсіх правоў чалавека);

Бен Сол (спецыяльны дакладчык па пытанні аб заахвочванні і абароне правоў чалавека і асноўных свабод ва ўмовах барацьбы з тэрарызмам);

Эліс Джыл Эдвардс (спецыяльны дакладчык па пытанні аб катаваннях і іншых жорсткіх, бесчалавечных або прыніжаючых годнасць відах абыходжання і пакарання);

Маргарэт Сатэртуэйт (спецыяльны дакладчык па пытанні аб незалежнасці суддзяў і адвакатаў).

Падзяліцца: