Мінск 16:01

Украіна і яшчэ сем краін далучыліся да красавіцкіх санкцый ЕС супраць Мінска

Фота: “Позірк”

13 траўня, Позірк. Албанія, Боснія і Герцагавіна, Ісландыя, Ліхтэнштэйн, Нарвегія, Паўночная Македонія, Украіна і Чарнагорыя далучыліся да рашэння Савета ЕС 2026/5121 ад 23 красавіка, якое ўвяло новыя абмежавальныя меры ў сувязі з сітуацыяй у Беларусі і ўдзелам краіны ў расійскай агрэсіі супраць Украіны.

Такая інфармацыя змяшчаецца ў заяве вярхоўнага прадстаўніка Еўрапейскага саюза па замежных справах і палітыцы бяспекі Каі Калас.

Адзначаецца, што ЕС прымае да ведама абавязацельствы згаданых краін забяспечыць адпаведнасць сваёй нацыянальнай палітыкі гэтаму рашэнню савета і вітае яго.

У заяве нагадваецца, што згаданае рашэнне “ўвяло дадатковыя абмежаванні ў сувязі з удзелам Беларусі ў расійскай агрэсіі супраць Украіны“.

“У прыватнасці, быў пашыраны пералік тавараў, якія могуць спрыяць ваеннаму і тэхналагічным ўмацаванню Беларусі альбо развіццю яе абароннага і сектара бяспекі. Рашэнне таксама пашырыла спіс тавараў, якія падпадаюць пад экспартныя абмежаванні, якія могуць садзейнічаць умацаванню прамысловага патэнцыялу Беларусі. Акрамя таго, быў пашыраны пералік тавараў і тэхналогій, на якія распаўсюджваецца забарона на транзіт праз тэрыторыю Беларусі“, — канстатуецца ў заяве.

Акрамя гэтага, уведзеныя дадатковыя абмежаванні на “прадастаўленне Рэспубліцы Беларусь, яе ўраду, дзяржаўным органам, дзяржаўным карпарацыям або агенцтвам, а таксама любым фізічным або юрыдычным асобам, арганізацыям або структурам, дзеючым ад іх імя альбо па іх указанні, паслуг, якія спрыяюць развіццю тэхналагічных магчымасцяў Беларусі“.

Падкрэсліваецца, што рашэнне “абмежавала прадастаўленне паслуг, непасрэдна звязаных з турыстычнай дзейнасцю ў Беларусі“, у прыватнасці, тых, якія адносяцца да “класаў 7471 і 7472 Класіфікацыі асноўных прадуктаў, як яна выкладзена ў выданні статыстычнага ўпраўлення ААН“ (гаворка пра паслугі турагенцтваў, тураператараў, экскурсаводаў. — “Позірк”.).

Адначасова зроблена “выключэнне з патрабавання аб папярэднім дазволе для паслуг, якія прадстаўляюцца Рэспубліцы Беларусь, яе ўраду, дзяржаўным органам, дзяржаўным карпарацыям або агенцтвам, якія ўжо не падпадаюць пад абмежавальныя меры, устаноўленыя рашэннем 2012/642/CFSP, калі такія паслугі строга неабходныя для функцыянавання консульскага або дыпламатычнага прадстаўніцтва Беларусі, размешчанага ў дзяржаве — члене ЕС“.

У заяве таксама гаворыцца аб увядзенні “дадатковых забаронаў на імпарт тавараў, якія дазваляюць Беларусі дыверсіфікаваць крыніцы сваіх даходаў“.

Акрамя гэтага, пашыраная “сфера дзеяння забароны на задавальненне пэўных патрабаванняў (claims), звязаных з любым кантрактам або здзелкай, выкананне якіх было прама ці ўскосна, цалкам або часткова закранута абмежавальнымі мерамі саюза“.

Рашэннем устаноўленая “забарона на ўдзел, прама ці ўскосна, у любых аперацыях, звязаных з лічбавай валютай Нацыянальнага банка Беларусі, а таксама на аказанне любой падтрымкі распрацоўкі такога праекта“.

Нарэшце, як заяўляецца, ЕС забараніў “аперацыі з любымі пастаўшчыкамі паслуг у сферы крыптаактываў, заснаванымі ў Беларусі, а таксама з любымі дэцэнтралізаванай платформамі, створанымі ў Беларусі, якія дазваляюць ажыццяўляць абмен або перавод крыптаактываў”.

Як паведамляў “Позірк”, Савет ЕС у прэс-рэлізе 23 красавіка адзначаў, што згаданыя санкцыі “ўключаюць меры, закліканыя люстрана адлюстраваць тыя, што ўжо прымяняюцца супраць Расіі, у прыватнасці: гандлёвыя абмежаванні, меры прававой абароны, меры ў сферы крыптавалют, а таксама абмежаванні на прадастаўленне паслуг кібербяспекі і турыстычных паслуг“.

Акрамя таго, у санкцыйны спіс ЕС у той жа дзень былі ўключаныя сумеснае таварыства з абмежаванай адказнасцю “Волат-Санцзян” і яго кітайскі заснавальнік China Space Sanjiang Group, а таксама ЗАТ “Беларуская нафтавая кампанія”.

Згаданыя восем краін, як вынікае з іншай заявы Каі Калас, таксама апублікаванай 13 траўня, далучыліся і да гэтых санкцый.

Падзяліцца: