Мінск 20:43

Ціханоўская пра Пятра Садоўскага: Дзякуючы такім людзям Беларусь аднавіла сваю незалежнасць

Пётр Садоўскі
Архіўнае фота: "Радыё Свабода"

6 ліпеня, Позірк. Дзякуючы такім людзям, як Пётр Садоўскі, Беларусь “аднавіла* сваю незалежнасць і адбылася як сучасная дзяржава”.

Пра гэта, паводле інфармацыі прэс-службы беларускага дэмакратычнага лідэра, яна заявіла ў спачуванні з нагоды смерці лінгвіста, дыпламата і грамадскага дзеяча.

Паводле Ціханоўскай, Садоўскі “заўсёды быў на баку дабра: прынцыповы, смелы, адданы Беларусі, яе мове і культуры”.

“Як першы амбасадар незалежнай Беларусі, як дэпутат, як вучоны і як грамадзянін ён пакінуў глыбокі след у гісторыі нашай краіны”, — дадала яна.

Дэмлідар вельмі ўдзячна спачыламу за “падтрымку і мудрыя парады”: “Ён натхняў мяне добрым словам, асабістым прыкладам і верай у свабодную Беларусь”.

Пра смерць Садоўскага ва ўзросце 87 гадоў паведаміла на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку” яго дачка. Ён сканаў у хоспісе. Развітанне адбудзецца 7 ліпеня ў 9.00 у зале на вул. Сямашкі, 8 у Мінску.

Садоўскі нарадзіўся ў Віцебскай вобласці, як ён сам казаў, у 1939 годзе, хаця ў дакументах пасля яму ўказалі іншы год нараджэння — 1941-ы. Быў сынам партызана, які загінуў падчас Другой сусветнай вайны. З адзнакай скончыў Мінскае сувораўскае ваеннае вучылішча і факультэт нямецкай мовы Мінскага педагагічнага інстытута замежных моў (цяпер Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт замежных моў).

Выкладаў у сваёй альма-матэр. Быў навуковым супрацоўнікам Інстытута мовазнаўства Акадэміі навук БССР — займаўся прыкладным мовазнаўствам, у 1977 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю.

У 1986–1990 гадах выкладаў на пасадзе дацэнта ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце ім. Максіма Танка.

Актыўна ўдзельнічаў у грамадска-палітычным жыцці краіны: уваходзіў у склад моўнай камісіі Беларускага фонду культуры, удзельнічаў у рабоце камісіі Вярхоўнага Савета БССР па пытаннях моўнай палітыкі. У 1990–1992 гадах быў дэпутатам ВС БССР 12-га склікання (сябра фракцыі БНФ), дзе займаў пасаду ў прэзідыуме і ўзначальваў камісію па замежных справах і знешнеэканамічных сувязях.

У 1992–1994 гадах Садоўскі быў першым амбасадарам незалежнай Беларусі ў Германіі.

З 1996 па 1999 год працаваў дарадцам па знешніх сувязях у кампаніі “Пагс” і вядучым супрацоўнікам па знешніх сувязях у “Прыёрбанку”. У 1999–2000 гадах узначальваў ГА “Клуб Бон-Мінск” і з’яўляўся членам рэдкалегіі часопіса Wostok.

Цягам васьмі гадоў, з 1996 па 2004 год, выкладаў нямецкую мову і беларусазнаўства ў Гуманітарным ліцэі ім. Якуба Коласа, які пасля быў зачынены ўладамі.

На пенсіі супрацоўнічаў у якасці карэспандэнта з нямецкамоўным часопісам “Замежная інфармацыя” Фонду Конрада Адэнаўэра. У 2019 годзе ён быў удастоены медаля “100 гадоў дыпламатычнай службы Беларусі”.

Напісаў аўтабіяграфічную кнігу “Мой шыбалет”.

*Верагодна, пад аднаўленнем незалежнасці маецца на ўвазе адсылка да абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918 годзе.

Падзяліцца: