Мінск 07:52

За атрыманне хабару затрыманы намеснік дырэктара вытворцы тэкстылю “Магатэкс”

Скрыншот: МУС

1 красавіка, Позірк. За атрыманне хабару затрыманы 46-гадовы намеснік генеральнага дырэктара кампаніі-вытворцы тэкстылю “Магатэкс” (Магілёў), паведамляе прэс-служба Міністэрства ўнутраных спраў.

Паводле інфармацыі ведамства, у канцы сакавіка менеджар дамовіўся аб атрыманні ад кіраўніка маскоўскай фірмы-партнёра “працэнта” за бесперабойную адгрузку прадукцыі ў памеры двух мільёнаў расійскіх рублёў (каля 22 тыс. долараў. — Позірк“.). “Баючыся быць затрыманым, адправіў па грошы сваяка”, — удакладняецца ў паведамленні.

“Адразу пасля атрымання хабару мужчыну затрымалі, следам — і самога чыноўніка (намеснік дырэктара не з’яўляецца чыноўнікам. — “Позірк”.). Па месцах іх жыхарства канфіскаваныя грашовыя сродкі ў суме, эквівалентнай 30 тыс. долараў, а таксама пяць дарагіх аўтамабіляў”, — паведамляе МУС.

Узбуджаная крымінальная справа за атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры.

ААТ “Магатэкс” вырабляе тэкстыльную прадукцыю з 1973 года. Перапрацоўвае ніткі поліэфірныя, віскозныя, пражы баваўняныя, поліэфірна-баваўняныя, поліэфірна-віскозныя.

Прадпрыемства вырабляе шырокі асартымент тканін для спецыяльнай і форменнай вопраткі, плашчавых тканін, для спецыяльнага рыштунку і скургалантарэйнай прамысловасці, падкладачных, дэкаратыўных, мэблевых, гардзінных, трыкатажных, тэхнічных палотнаў, спецыяльную і форменную вопратку, вырабы хатняга тэкстылю.

У 2023 годзе колькасць “улічаных карупцыйных злачынстваў” павялічылася ў Беларусі на 16,4% — з 1.076 да 1.253. Пры гэтым на 12,8% вырасла колькасць асоб, якія іх учынілі.

Падзяліцца: