Мінск 20:50

Дарадца Ціханоўскай: Закрыццё недзяржаўных ВНУ — лагічны крок пасля “зачысткі” прыватных школ

Апублікавана на закрытай версіі “Позірку” 26 чэрвеня 2024 года ў 10:41

Крыніца: старонка Таццяны Шчытцовай у "Фэйсбуку"

25 чэрвеня, Позірк. Закрыццё прыватных вышэйшых навучальных устаноў — “характэрны і паказальны сімптом дзейнага ў Беларусі палітычнага рэжыму” і сфармаванага ім “тыпу сацыяльнага ладу”, заявіла ў каментары “Позірку” дарадца дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай у пытаннях адукацыі і навукі Таццяна Шчытцова.

“Вядома, заўсёды можна сказаць, што ёсць нейкія ўнутраныя прычыны і праблемы, з якімі сутыкаюцца прыватныя ВНУ, якія не маюць пастаянная дзяржаўнай падтрымкі. Напрыклад, фінансавай”, — адзначыла яна.

Разам з тым, на думку Шчытцовай, першай “у комплексе сістэмных прычын” закрыцця ВНУ з’яўляецца “неабходнасць для дзейнага рэжыму забяспечваць кантроль у грамадстве”.

“Згортванне дзейнасці прыватных ВНУ цалкам ўпісваецца ў логіку [дзеянняў уладаў] і фактычна ідзе ўслед за досыць імклівым закрыццём прыватных школ. Спачатку гэта адбылося ў сферы пачатковай і сярэдняй адукацыі. “Зачысцілі” яе. А цяпер наступны крок — прыватныя ВНУ”, — сказала дарадца Ціханоўскай.

Эксперт звярнула ўвагу, што навучальныя ўстановы, якая закрываюцца, заснаваныя ў пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя, гэта значыць “універсітэты з моцнай традыцыяй, рэпутацыяй, выбудаванай сістэмай кантактаў, інстытуцыйнай і акадэмічнай структурай”.

“У аснове [ідэалогіі] гэтых ВНУ ляжаць такія пасылы, як этыка і надзеі, якія несумяшчальныя з тым неататалітарным профілем, які цяпер прымае беларускае грамадства”, — падкрэсліла суразмоўца “Позірку”.

У якасці другой прычыны яна назвала “прагматычную патрэбу ў студэнтах” з боку дзяржаўных універсітэтаў.

“Мы памятаем сустрэчу [Аляксандра] Лукашэнкі з рэктарамі дзяржаўных ВНУ сёлета ў лютым, на якой ён агучыў галоўную праблему вышэйшай адукацыі — тое, што студэнты, абітурыенты, моладзь з’язджаюць вучыцца за мяжу”, — адзначыла Шчытцова. Значная частка студэнтаў недзяржаўных ВНУ пэўна папоўніць шэрагі дзяржаўных, лічыць яна.

Паводле слоў эксперта, пасля заканчэння ўніверсітэтаў цяперашнія студэнты сутыкнуцца з “запытам [дзяржавы] на працоўную сілу”. “Улады хочуць нават тых, хто плаціць за навучанне, прымусіць адпрацоўваць [па размеркаванні] праўдамі і няпраўдамі. Паступова яны прыдумляюць для гэтага нейкія новыя інструменты”, — дадала Шчытцова.

У дамове з ВНУ на платнае навучанне, адзначыла яна, “указваецца не тая сума, якую рэальна плацяць студэнты, а большая”, адпаведна, калі студэнт пасля атрымання дыплома вырашыць ухіліцца ад размеркавання, “яму прыйдзецца кампенсаваць вялікую розніцу”.

Трэцім фактарам, які прадвызначае закрыццё недзяржаўных ВНУ, суразмоўца “Позірку” назвала недахоп у дзяржуніверсітэтах выкладчыкаў, што з’яўляецца следствам палітычных рэпрэсій пасля выбараў 2020 года і “ўстаноўкі на чысткі”.

“Патрэбныя новыя выкладчыцкія кадры, а ў прыватных навучальных установах ужо склаліся прафесійныя і кваліфікаваныя калектывы, людзі са ступенямі”, — сказала дарадца дэмлідара.

“Згортванне камерцыйных ВНУ прывядзе да таго, што выкладчыкі будуць шукаць працу ў дзяржаўных універсітэтах. Чысткі і звальненні застаюцца рэаліяй нашай сістэмы адукацыі і ўніверсітэтаў у першую чаргу”, — сказала Шчытцова.

17 чэрвеня выданне “Люстэрка” паведаміла, што “БІП — Універсітэт права і сацыяльных тэхналогій” спыняе сваю дзейнасць з 30 жніўня. У ВНУ паведамілі, што “гэта рашэнне заснавальнікаў”.

24 чэрвеня аб спыненні працы з 1 верасня абвясціў Інстытут прадпрымальніцкай дзейнасці. Згодна з інфармацыяй на сайце ВНУ, “заснавальнікам і кіраўніцтвам ІПД прынятая пастанова аб спыненні адукацыйнай ліцэнзаванай дзейнасці”, таму прыёму абітурыентаў у 2024 годзе не будзе.

25 чэрвеня Інстытут парламентарызму і прадпрымальніцтва заявіў, што не будзе набіраць першакурснікаў, астатнія студэнты працягнуць вучобу.

Усе тры ВНУ працавалі ў Беларусі з 90-х гадоў.

20 верасня 2022 года Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з дзяржсакратаром Савета бяспекі Аляксандрам Вальфовічам запатрабаваў “зачысціць усё да немагчымасці ў сістэме адукацыі”. Пасля гэтага ў краіне былі закрытыя амаль усе прыватныя дзіцячыя садкі і школы.

Падзяліцца: