Мінск 03:47

Па выніках візіту ў Венесуэлу Галоўчанка заявіў пра неабходнасць развіваць “спадчыну” Лукашэнкі і Чавеса

Скрыншот: тэлеграм-канал урада

21 ліпеня, Позірк. Беларусь і Венесуэла “ўсяляк падтрымліваюць” адно аднаго на ўсіх міжнародных пляцоўках, паміж краінамі маецца “поўнае паразуменне”, але “на пэўным этапе гандлёва-эканамічныя адносіны сталі буксаваць”, заявіў прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка, падводзячы вынікі свайго візіту ў Лацінскую Амерыку.

Відэа выступу прэм’ера апублікаваў 21 ліпеня тэлеграм-канал урада.

Галоўчанка падкрэсліў неабходнасць “перазапуску” эканамічных адносін з Венесуэлай, перш за ўсё гэта датычыцца работы сумесных прадпрыемстваў.

“[Падчас перамоваў у Каракасе] мы прайшліся па ўсіх нашых сумесных праектах, якія былі закладзеныя яшчэ ў перыяд прэзідэнцтва Уга Чавеса. А іх было нямала. Прыйшлі да высновы, што гэта спадчына, калі можна так сказаць, або дамоўленасці двух прэзідэнтаў (Чавеса і Аляксандра Лукашэнкі. — “Позірк”.) мы абавязаныя не проста захаваць, а развіць. І зрабіць іх такімі, якімі яны задумваліся ў самым пачатку”, — сказаў прэм’ер.

Паводле яго слоў, сітуацыя “з паступленнямі фінансавымі ў бюджэт венесуэльскі змяняецца”, у тым ліку пад уплывам санкцый, таму ў ранейшым выглядзе гандлёва-эканамічная мадэль “працаваць не можа і не будзе”.

Раней, удакладніў Галоўчанка, Беларусь пастаўляла ў Венесуэлу, да прыкладу, машынакамплекты — “яны выкупляліся за кошт бюджэту венесуэльскага”. Цяпер, дадаў чыноўнік, неабходныя іншыя падыходы.

“[Беларуская] тэхніка запатрабаваная. Таму пераходзім на працу па класічнай камерцыйнай схеме. Будзем займацца збытам, будзем шукаць свайго спажыўца”, — адзначыў ён.

“На ўсіх узроўнях” у Венесуэле беларускі бок атрымаў “запэўніванні аб тым, што праца прадпрыемстваў будзе працягнутая”, сказаў Галоўчанка.

“Цяпер трэба дашліфаваць пэўныя моманты, як будзе выбудоўвацца бізнес, але працаваць будзем”, — падкрэсліў кіраўнік урада.

Гаворачы аб наведванні Нікарагуа, ён заявіў, што гэта “фактычна першы візіт прадстаўнічай дэлегацыі — і адразу сур’ёзны вынік”.

Ён паўтарыў свае словы пра падпісаныя ў Нікарагуа кантракты на 85 млн долараў, назваўшы гэта “прарывам”.

На Кубе, “нягледзячы на складанасці”, беларуская дэлегацыя “адшукала магчымасць пастаўкі прадукцыі”, падкрэсліў прэм’ер.

Паводле яго слоў, “узмацненне жорсткасці амерыканскай блакады прывяло да зніжэння паступленняў у кубінскі бюджэт”. “[У гэтай краіне] існуе патрэба абсалютна ва ўсім: прадуктах харчавання, тэхніцы, але ёсць складанасці з фінансавымі рэсурсамі”, — дадаў Галоўчанка.

“Рашэнне знайшлі шляхам заключэння кантрактаў на пастаўку тавараў як з непасрэднай аплатай, так і за кошт імпарту запатрабаванай у Беларусі кубінскай прадукцыі”, — адзначыў ён.

У такіх умовах, паводле сцвярджэння чыноўніка, “ляцець з Кубы з заключанымі кантрактамі на мільёны долараў — дастаткова сур’ёзны вынік”.

Візіт Галоўчанкі ў Лацінскую Амерыку праходзіў 14–20 ліпеня.

17 кастрычніка 2023 года на сустрэчы з міністрам замежных спраў Венесуэлы Іванам Хілем Лукашэнка заявіў, што ўзаемадзеянне дзвюх краін “стала на паўзу” — з-за “пэўных прычын, перш за ўсё знешніх”. Ён падкрэсліў неабходнасць “падвергнуць рэвізіі” ўсе пытанні супрацоўніцтва, якія былі вызначаныя яшчэ ў часы Чавеса.

Найбольш вядомая старонка адносін паміж краінамі — спроба Беларусі наладзіць пастаўкі венесуэльскай нафты ў пачатку 2010-х гадоў.

Пасля скарачэння паставак расійскай нафты ў 2010 годзе Мінск пачаў шукаць альтэрнатыўных пастаўшчыкоў сыравіны для беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў. Чавес паабяцаў Лукашэнку паставіць 4 млн тон нафты ў 2010 годзе і 10 млн т — у 2011‑м. Венесуэльская нафта для двух беларускіх НПЗ дастаўлялася праз Украіну і Эстонію.

1 ліпеня 2012 года Беларусь спыніла імпарт венесуэльскай нафты. Улады патлумачылі гэта тым, што Мінску стала “танней нафту купляць у Расіі”.

Увесну 2023 года Беларускі расследвальніцкі цэнтр, венесуэльскае выданне Armando.Info і Цэнтр па расследаванні карупцыі і арганізаванай злачыннасці (OCCRP) выпусцілі матэрыял, у якім сцвярджалася, што Беларусь да гэтага часу не аддала Венесуэле каля 1,5 млрд долараў за набытую ў 2010‑х гадах нафту.

Падзяліцца: