Мінск 01:55

Колькасць ахвотных удзельнічаць у выбарах зменшылася ўдвая з 2020 года — Chatham House

Фота: mlyn.by

17 студзеня, Позірк. Колькасць грамадзян, якія маюць намер галасаваць на выбарах прэзідэнта, зменшылася ўдвая ў параўнанні з 2020 годам, паведаміў 17 студзеня дырэктар “Беларускай ініцыятывы” Chatham House Рыгор Астапеня на анлайн-прэзентацыі вынікаў сацыялагічнага даследавання “Успрыманне выбарчай кампаніі і сітуацыі ў Беларусі”.

Даследаванне праводзілася з 9 снежня 2024 года па 15 студзеня 2025 года, у ім прынялі ўдзел 833 чалавекі, якія пражываюць у гарадах Беларусі. Рэспандэнты адказвалі на пытанні анлайн, па тэлефоне, таксама выкарыстоўваўся фармат глыбінных інтэрв’ю.

Згодна з атрыманымі звесткамі, ў прэзідэнцкіх выбарах 2025 года мае намер удзельнічаць 36% апытаных. У аналагічным даследаванні 2020 года гэты паказчык склаў 75% — у 2,08 разы больш.

Каб ацаніць, як стаўленне да выбараў звязана з палітычнымі поглядамі, сацыёлагі падзялілі аўдыторыю на чатыры сегменты: праўладныя (33%; ухваляюць сітуацыю ў краіне), нейтральныя (40%; амаль не цікавяцца палітыкай); “эканамічна незадаволеныя” (13%; не супраць аўтарытарнага кіравання, але не ўхваляюць сацыяльна-эканамічную сітуацыю ў краіне); прадэмакратычныя (14%; незадаволеныя як сацыяльна-эканамічнай, так і палітычнай сітуацыяй).

Сярод праўладных пра гатоўнасць ісці на выбары 2025 года заявіў 61% апытаных, нейтральных — 27%, прадэмакратычных — 11%, “эканамічна незадаволеных” — 27%. Асноўная матывацыя, якую называлі тыя, хто збіраецца галасаваць, — “грамадзянскі абавязак”.

58% рэспандэнтаў, якія не плануюць удзельнічаць у выбарах, аргументавалі сваю пазіцыю адсутнасцю сэнсу, бо “вынік прадвызначаны”.

У даследаванні адзначаецца, што прадэмакратычна настроеныя грамадзяне значна часцей выказваюць намер устрымацца ад удзелу ў выбарах.

“Гэта ў асноўным звязана з недаверам да выбарчага працэсу, уключаючы перакананне ў прадвызначанасці вынікаў і адсутнасці сэнсу галасавання”, — удакладніў Астапеня.

Апаненты ўлады ўпэўненыя, што вынікі выбараў прадвызначаныя, бо пераможца вядомы загадзя, і на вынік нельга ўплываць, падкрэсліваецца ў даследаванні. Пры гэтым частка апытаных заяўляе пра фальсіфікацыі вынікаў галасавання, іншыя звяртаюць увагу на іншыя фактары непазбежнага працягнення паўнамоцтваў Аляксандра Лукашэнкі: ціск на выбарцаў з боку працадаўцаў, рэпрэсіі супраць апазіцыі, допуск да выбараў “адабраных і слабых” кандыдатаў і інш.

Даследаванне паказала, што палітычна нейтральныя жыхары беларускіх гарадоў па-рознаму ўспрымаюць выбарчую кампанію. Частка ўпэўненая, што вынікі прадказальныя, бо такая сітуацыя працягваецца шмат гадоў, частка дапускае верагоднасць перадачы ўлады ад Лукашэнкі яго пераемніку “з наступным вяртаннем”. Ёсць сярод нейтральных і доля тых, хто лічыць, што вынік галасавання залежыць ад выбарцаў.

Прыхільнікі ўлады хутчэй заяўляюць, што большасць выбарцаў сапраўды галасуе за Лукашэнку.

Сацыёлагі прыйшлі да высновы, што большасць удзельнікаў апытання (за выключэннем прыхільнікаў улады) не лічыць выбары сумленнымі. Пры гэтым для 90% рэспандэнтаў важна, каб галасы падлічваліся празрыста, але ў магчымасць гэтага верыць у два разы менш ад гэтай долі апытаных.

Астапеня адзначыў, што выбары выклікаюць моцную эмацыянальную рэакцыю ў прыхільнікаў улады і прадэмакратычных выбарцаў, але ў цэлым, паводле яго слоў, эмацыянальная ўключанасць у электаральны працэс нязначная. Усяго цікавасць да выбараў праяўляе 31% рэспандэнтаў, радасць з гэтай нагоды адчувае 21%. Пры гэтым сярод праўладных цікавасць маюць 56% удзельнікаў даследавання, эканамічна незадаволеных — 27%, нейтральных — 18%, прадэмакратычных — 15%.

Сёмыя прэзідэнцкія выбары прызначаныя на 26 студзеня (датэрміновае галасаванне — 21–25 студзеня).

Прэзідэнцкая кампанія праходзіць пад поўным кантролем уладаў. Палітычнае поле краіны цалкам зачышчана ад актыўных апанентаў Лукашэнкі. Прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сіл за мяжой называюць тое, што адбываецца, “спецаперацыяй па ўтрыманні ўлады”, праваабаронцы кажуць аб імітацыі канкурэнцыі.

З 1996 года ні адна выбарчая кампанія ў Беларусі не была прызнана незалежнымі назіральнікамі празрыстай і адпаведнай дэмакратычным стандартам.

Падзяліцца: