Мінск 04:13

Латушка паведаміў пра напад на яго ў Варшаве

Яўген Казанцаў
Крыніца: сацсеткі Казанцава

2 ліпеня, Позірк. Спроба нападу на кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, намесніка кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета Паўла Латушку была прадпрынятая 2 ліпеня падчас урачыстага сходу ў дэпартаменце ўсходнееўрапейскіх даследаванняў Варшаўскага ўніверсітэта.

У мерапрыемстве бралі ўдзел “афіцыйныя асобы Польшчы і прадстаўнікі дыпкорпуса”, паведаміў палітык у сваім тэлеграм-канале.

“Нападнік кінуў у мяне вядро і крычаў на ўсю залу, што я — “здраднік і хацеў спаліць апазіцыянераў”, паўтараючы ўчорашнюю хлусню Лукашэнкі. У цяперашні момант ён затрыманы паліцыяй. У апошнія дні я атрымліваў папярэджанні аб планаваных у дачыненні да мяне правакацыях і пагрозы жыццю, у тым ліку сёння раніцай”, — паведаміў Латушка.

Ён падкрэсліў, што здарэнне “ніякім чынам не паўплывае” на яго дзейнасць.

“Лукашэнка, ты адкажаш за свае злачынствы”, — напісаў Латушка.

Паводле даных партала reform.news, нападнікам з’яўляецца 33-гадовы Яўген Казанцаў, грамадзянін Беларусі, гісторык па адукацыі. Ён праходзіць навучанне ў Польшчы па праграме маладых навукоўцаў у Szkoła Europejska w Warszawie (Еўрапейская школа ў Варшаве; SEW).

Свой учынак, як паведамляецца, мужчына патлумачыў тым, што ў яго “скончылася віза”. Паводле слоў Казанцава, ён “выгарэў і не змог абараніць навуковую працу”. Нападнік заявіў, што напад на Латушку дазволіць яму “свабодна вярнуцца ў Беларусь”.

У 2022 годзе Казанцаў даваў каментары беларускім дзяржСМІ.

“Паталагічны хлус перасягнуў сам сябе“, — так пракаментаваў “Позірку” кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета Павел Латушка апошнія заявы Аляксандра Лукашэнкі пра яго.

1 ліпеня на сходзе з нагоды афіцыйнага Дня незалежнасці Лукашэнка, паводле выразу дзяржСМІ, “падзяліўся шакавальнымі падрабязнасцямі наконт таго, што магло адбыцца, калі б у 2020 годзе ён асабіста не спыніў правакацыю, якая рыхтуецца“: “Калі б не Лукашэнка-дыктатар, іх (мабыць, лідараў апазіцыі. — “Позірк”.) спалілі б у адным доме, калі справакаваць іх хацелі. І гэты “лахушкін” (традыцыйная для Лукашэнкі абразлівая згадка Паўла Латушкі. — “Позірк”.) сядзіць сёння ў Польшчы і вяшчае. А гэта ён іх хацеў сабраць у адным доме тут, у цэнтры Менска, і спаліць. Дзякуй богу, што ў Ціханоўскай Святланы там была ахова так званая — з МУС хлопец “унюхаў“, што нешта не так і патэлефанаваў нашым сілавікам. Яны мне далажылі. Я сказаў: “Публічна, дэманстратыўна вазьміце пад ахову гэты дом”. І я з вуліц зняў “Альфу” і кінуў туды, каб яны ўбачылі, што мы ведаем і ахоўваем гэты дом. Правакацыя не ўдалася. Я ўпершыню кажу пра чалавека, які гэта намышляў. Для чаго? Дзеля таго каб быць адным лідэрам гэтай усёй смярдзючай апазіцыі. Яны да гэтага дастукаліся”.

“У ноч з 9 на 10 жніўня 2020 года я быў генеральным дырэктарам Купалаўскага тэатра і на свае вочы бачыў зарыва ад вогненных выбухаў гранат над цэнтрам Менска, калі на ягоны загад пачалі забіваць і здзекавацца з беларусаў. А адзіным будынкам, які ахоўваў “Альфа“ КДБ, была ягоная адна з “наццаці“ рэзідэнцый, у якой ён схаваўся і дрыжаў ад страху ад людской нязгоды і пратэсту“, — заявіў “Позірку” Латушка.

“Страх не адпускае дыктатара дагэтуль. Хоць мне ўяўляецца, тут не каментар гэтаму маналогу дыктатара варта даваць, а дыягназ ставіць трэба“, — дадаў палітык.

Падзяліцца: