Мінск 10:35

У віншаванні новаму прэм’ер-міністру Ціханоўская падзякавала Літве за падтрымку беларусаў

Вільнюс
Архіўнае фота: "Позірк"

15 ліпеня, Позірк. Літва “заўсёды разумела, што свабодная Беларусь мае важнейшае значэнне для бяспекі <…> рэгіёну”, заявіла беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская ў сацсетцы Х у віншаванні новаму прэм’ер-міністру краіны Міндоўгасу Сінкявічусу ў сувязі з фармаваннем урада.

“Я глыбока ўдзячная Літве за прынцыповую падтрымку беларусаў і за салідарнасць, якую вы працягваеце праяўляць да нашага народа”, — напісала палітык.

Сінкявічус і іншыя члены новага кабінета 14 ліпеня прынеслі прысягу ў Сейме. Урад быў сфарміраваны парламенцкімі фракцыямі Сацыял-дэмакратычнай партыі Літвы, Саюза дэмакратаў “У імя Літвы” і Саюза сялян, зялёных і Хрысціянскіх сем’яў Літвы.

У чэрвені лідэр у ранейшай кааліцыі — Сацыял-дэмакратычная партыя — вырашыла выйсці з саюза з папулісцкім “Світанкам над Нёманам” (Nemuno Aušra). Пасля распаду кааліцыі прэм’ер-міністр Інга Ругінене падала ў адстаўку разам з усім кабінетам. Цяпер яна ўзначальвае Міністэрства сацыяльнай абароны і працы.

На мінулым тыдні прэзідэнт Гітанас Наўседа падпісаў указ, якім зацвердзіў склад 21-га ўрада краіны.

42-гадовы Сінкявічус — кіраўнік Сацыял-дэмакратычнай партыі. У 2016–2017 гадах узначальваў Міністэрства эканомікі і інавацый.

Дарадца прэзідэнта Літвы заклікала "не чапляцца" да фармулёвак па Беларусі ў праграме новага ўрада

14 ліпеня, Позірк. Пра адсутнасць зменаў у палітыцы Літвы ў дачыненні да Беларусі заявіла дарадца літоўскага прэзідэнта Аста Скайсгірыце 14 ліпеня ў эфіры радыёстанцыі Žinių radijas. "Калі не чапляцца да канкрэтных фармулёвак або асобных слоў, можна сказаць, што палітыка ў …
Падзяліцца: