Лукашэнка ў Пхеньяне “выказаў пашану” Кім Ір Сену і Кім Чэн Іру

26 сакавіка, Позірк. Пра падрабязнасці першага дня візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Пхеньян паведаміла 26 сакавіка паўночнакарэйскае інфармагенцтва ЦТАК.
Адзначаецца, што візіцёр наведаў Кымсусанскі палац Сонца і “выказаў пашану вялікаму правадыру таварышу Кім Ір Сену і вялікаму кіраўніку таварышу Кім Чэн Іру”.
“Да статуяў вялікага Кім Ір Сена і вялікага Кім Чэн Іра ўскладзены кошык кветак ад імя Аляксандра Лукашэнкі”, — гаворыцца ў паведамленні.
Удакладняецца, што на “стужцы кошыка” напісана “Выказваю глыбокую пашану вялікаму правадыру таварышу Кім Ір Сену і вялікаму кіраўніку таварышу Кім Чэн Іру”.
Лукашэнка таксама ўсклаў букет кветак ад прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна. Напярэдадні ў неафіцыйным тэлеграм-канале прэс-службы беларускага палітыка паведамлялася, што кветкі ад Пуціна накіраваныя “ў знак падзякі за дапамогу ў СВА” (“спецыяльная ваенная аперацыя” — так у РФ і следам у афіцыйнай рыторыцы Мінска і беларускіх дзяржСМІ называецца поўнамаштабная вайна, развязаная Крамлём супраць Украіны. На адным з этапаў у вайне ўдзельнічаў паўночнакарэйскі кантынгент. — “Позірк”.). Пры гэтым на фатаграфіі і відэазапісы, якія распаўсюдзіў беларускі бок, бачна, што букет ускладае малодшы сын Лукашэнкі Мікалай.
Інфармагенцтва КНДР таксама паведамляе, што Лукашэнку ў паездцы суправаджаюць віцэ-прэм’ер Юрый Шулейка, міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў, міністр аховы здароўя Аляксандр Хаджаеў, міністр адукацыі Андрэй Іванец, міністр прамысловасці Андрэй Кузняцоў і “іншыя асобы”.
Беларускую дэлегацыю ў КНДР сустракалі “жыхары і школьнікі Пхеньяна з дзяржаўнымі сцяжкамі дзвюх краін і кветкамі ў руках”.
Пазней “таварыша Лукашэнку” “горача вітаў” старшыня Дзяржаўных спраў Карэйскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікі Кім Чэн Ын. Ён прадставіў візіцёру “вядучых кіруючых кадраў партыі і ўрада”.
На сустрэчы дэлегацый дзвюх краіны быў дадзены “21 артылерыйскі залп салюту і выкананыя дзяржаўны гімн РБ і дзяржаўны гімн КНДР”. Начальнік ганаровай варты паўночнакарэйскай арміі “падаў таварышу Аляксандру Лукашэнку сустрэчны рапарт”.
Візіт Лукашэнкі ў КНДР праходзіць 25–сакавіка.
26 сакавіка па выніках перамоваў Лукашэнкі і Кім Чэн Ына падпісаны дагавор аб дружбе і супрацоўніцтве паміж Беларуссю і Паўночнай Карэяй.
28 лютага Лукашэнка павіншаваў Кім Чэн Ына з “пераабраннем” на пасаду генеральнага сакратара Працоўнай партыі Карэі (ППК) — кіроўнай і дэ-факта адзінай палітычнай структуры ў КНДР (дэ-юрэ існыя Сацыял-дэмакратычная партыя Карэі і Партыя маладых сяброў нябеснага шляху на справе кіруюцца ППК і не змагаюцца за ўладу, а ўсяляк падтрымліваюць дзейны рэжым).
23 сакавіка ён павіншаваў паўночнакарэйскага кіраўніка з “пераабраннем” на пасаду старшыні Дзяржаўных спраў КНДР і “пацвердзіў зацікаўленасць у актыўным пашырэнні палітычных і эканамічных сувязей з Пхеньянам на розных узроўнях”.
КНДР — закрытая дзяржава з дыктатарскім рэжымам, у дачыненні да якой дзейнічаюць санкцыі Савета Бяспекі ААН, звязаныя з развіццём ядзернай праграмы. Ад моманту заснавання ў 1948 годзе вярхоўная ўлада перадавалася ад бацькі да сына — ад Кім Ір Сэна да Кім Чэн Іра, а пасля да Кім Чэн Ына.
Беларускія ўлады некалькі гадоў таму сталі актыўна заяўляць пра свой інтарэс да Паўночнай Карэі.
На перамовах з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным 15 верасня 2023 года ў Сочы Лукашэнка выказаў меркаванне, што РФ, Беларусь і КНДР маглі б “падумаць пра супрацу недзе на траіх”.
17 студзеня 2025 года на нарадзе па пытаннях знешнегандлёвай дзейнасці Лукашэнка заявіў, што “каля пяці дзяржаў, уключаючы Пакістан, Інданезію і КНДР, накіравалі Беларусі свае прапановы пра арганізацыю сустрэч на найвышэйшым узроўні для абмеркавання пытанняў супрацы”.
Намеснік дырэктара аддзела прапаганды і агітацыі Цэнтральнага камітэта Працоўнай партыі Карэі, малодшая сястра паўночнакарэйскага правадыра Кім Ё Чжон 20 студзеня абвергла гэтае сцвярджэнне. “Я добра ведаю, што беларускі бок на працягу як мінімум двух гадоў шчыра спадзяецца на кантакт на высокім узроўні з КНДР”, — падкрэсліла яна, дадаўшы, што з боку Пхеньяна такой прапановы не паступала.
9 траўня таго ж года паведамлялася, што пытанні ўзаемадзеяння Беларусі і Паўночнай Карэі ў розных сферах былі “падрабязна абмеркаваныя” ў Пхеньяне на 3-м пасяджэнні двухбаковай міжурадавай камісіі па гандлёва-эканамічнай супрацы. Бакі абмеркавалі “палажэнні практычнай супрацы” ў сельскай гаспадарцы, машынабудаванні, ахове здароўя, гандлі і адукацыі.
Лукашэнка напярэдадні парада ў Пекіне 3 верасня з нагоды перамогі над Японіяй і заканчэння Другой сусветнай вайны паразмаўляў з Кім Чэн Ынам.
Віншуючы Кім Чэн Ына з Днём утварэння КНДР летась 9 верасня, беларускі палітык пацвердзіў гатоўнасць “у найбліжэйшы зручны для бакоў час наведаць” Паўночную Карэю для “вывядзення міждзяржаўных сувязей на якасна новы ўзровень”.
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, ПалітыкаАд пачатку года краіны ЕС зафіксавалі 2,2 тыс. спробаў нелегальнага пераходу мяжы з Беларусі, дзве траціны прыпалі на ЛатвіюМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- ГрамадстваЗа пяць гадоў колькасць асуджаных за нарказлачынствы павялічылася на 12,5%Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- ПалітыкаЗа апошнія двое сутак краіны Балтыі зафіксавалі больш за 220 спробаў пранікнення мігрантаў з тэрыторыі БеларусіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка



