Мінск 22:35

“Кіберпартызаны” абвінавацілі Мельнікаву ў крадзяжы больш за 150 тыс. долараў

Фота: Adam Burakowski / East News

12 траўня, Позірк. Спікер Каардынацыйнай рады (КР) Анжаліка Мельнікава, аб знікненні якой стала вядома ў канцы сакавіка, вывела на свой банкаўскі рахунак і выкарыстала ў асабістых мэтах больш за 150 тыс. долараў са сродкаў фонду Bialorus Liberty, паведамляе група ананімных хакераў “Кіберпартызаны”.

Адзначаецца, што заява аб факце крадзяжу гэтых грошай пададзеная ў праваахоўныя органы Польшчы.

“Кіберпартызаны” атрымлівалі фінансаванне са сродкаў Bialorus Liberty, якім кіравала спікер КР. У паведамленні гаворыцца, што цяпер група аднавіла кантроль над кіраваннем фонду.

Паводле даных хакерскага праекта, першы выпадак нямэтавага вываду сродкаў фонду зафіксаваны 22 студзеня 2025 года. Сцвярджаецца, што грошы выкарыстоўваліся на аплату паслуг сэрвісу браніравання жылля Booking, разлік рабіўся з банкаўскай карты, якая знаходзілася ў Мельнікавай.

На працягу лютага 2025 года Мельнікава “раз на некалькі дзён” пераводзіла на асабісты рахунак “сродкі, якія не належалі ёй, сумамі да 2,5 тыс. долараў”, у тым ліку “выкарыстоўвала сэрвіс экспрэс-пераводаў для паскарэння транзакцый”, падкрэсліваюць “Кіберпартызаны”.

Заяўляецца, што 13 сакавіка на рахунак Bialorus Liberty паступіў грант для Каардынацыйнай рады (каля 107 тыс. долараў), атрыманне гэтай сумы не ўзгаднялася з прадстаўнікамі “Кіберпартызан”.

На працягу сакавіка спікер КР з дапамогай некалькіх трансакцый перавяла на асабісты рахунак усю суму гранта, а таксама “ўсе астатнія сродкі” фонду.

Апошняя аперацыя па вывадзе сродкаў датуецца 24 сакавіка 2025 года.

“Нам невядомыя матывы, з-за якіх Мельнікава вырашыла прысвоіць чужыя сродкі і схавацца пасля многіх месяцаў кампетэнтнай працы з добрай рэпутацыяй. Гэта магло быць з-за шантажу ці яе добраахвотным рашэннем”, — адзначаюць “Кіберпартызаны”.

Падкрэсліваецца, што страта сродкаў часова замарудзіць працу “Кіберпартызан” па некаторых напрамках, але не паўплывае на дзейнасць групы “па ўзломах сетак рэжымаў РБ і РФ”.

“Кіберпартызаны” ўпэўненыя, што Мельнікава не валодае сакрэтнай інфармацыяй аб дзейнасці арганізацыі.

Паводле расследавання The Insider і Polityka, Мельнікава вылецела са Шры-Ланкі ў Дубай (Аб’яднаныя Арабскія Эміраты) 7 сакавіка разам з дочкамі.

26 лютага спікер КР вылецела з Варшавы ў Лондан, дзе “перасела на самалёт да Шры-Ланкі”, заяўлялася ў першай частцы расследавання, апублікаванага 6 траўня.

Пра тое, што Мельнікава не знаходзіцца на тэрыторыі Польшчы і не выходзіць на сувязь з 25 сакавіка, Позірку” паведаміла 28 сакавіка прэс-служба Паўла Латушкі — кіраўніка НАУ, лідара фракцыі “Каманда Латушкі і рух “За Свабоду” ў КР, куды ўваходзіць Мельнікава.

Пазней СМІ паведамілі, што спікер КР магла вылецець з Польшчы ў Вялікабрытанію, куды на яе імя быў набыты авіябілет.

7 красавіка стала вядома, што паліцыя Вялікабрытаніі не праводзіць расследаванне ў сувязі з яе знікненнем. У той жа дзень партал навінаў “Люстэрка” заявіў пра размову з былым мужам Мельнікавай, які пацвердзіў, што іх дзеці — дзяўчынкі 7 і 13 гадоў — знаходзяцца з ім у Беларусі.

Праз 10 дзён, 17 красавіка, Польскае радыё са спасылкай на Нацыянальную пракуратуру паведаміла, што расследаваннем знікнення Мельнікавай па даручэнні пракуратуры зоймецца Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы.

Яшчэ праз тыдзень, 24 красавіка, Латушка заявіў аб атрыманні пісьмовых адказаў ад польскіх праваахоўных органаў па сітуацыі, звязанай са знікненнем Мельнікавай. “Камендант сталічнай паліцыі ў адказ на зварот праінфармаваў, што справа Анжалікі Мельнікавай, у якой яна праходзіць як пацярпелая асоба, перададзеная ў пракуратуру, адпаведная структура якой можа даць інфармацыю аб ходзе следства”, — паведаміла прэс-служба палітыка.

Паведамлялася таксама, што Люблінскі аддзел Дэпартамента па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй Нацыянальнай пракуратуры Польшчы 24 красавіка “праінфармаваў спецыяльным лістом аб тым, што пастановай пракурора ад 16 красавіка гэтага года распачата следства па справе пазбаўлення волі ў дачыненні да Анжалікі Мельнікавай на падставе арт. 189 § 1 (незаконнае пазбаўленне волі) Крымінальнага кодэкса і іншых”.

Падзяліцца: