Мінск 19:07

Кіраўнік польскага МЗС Сікорскі назваў Лукашэнку “шчырым прадуктам савецкай калгаснай сістэмы”

Відэа: ютуб-канал Радаслава Сікорскага Стоп-кадр: “Позірк”

18 траўня, Позірк. Аляксандр Лукашэнка — “шчыры прадукт савецкай калгаснай сістэмы”, калі з ім размаўляюць у “олдскульным стылі — то размова ідзе”, заявіў міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі ў інтэрв’ю, апублікаваным на яго ютуб-канале.

Сікорскі нагадаў, што сустракаўся з Лукашэнкам у 2010 годзе, калі той “хацеў збліжэння з Еўропай“. Тады, паводле слоў кіраўніка польскага МЗС, у рамках Усходняга партнёрства “быў клімат патэнцыйнага паляпшэння адносін“, аднак неўзабаве пасля гэтага Лукашэнка “зноў стаў садзіць у турмы людзей“ (верагодна, маюцца на ўвазе палітычныя рэпрэсіі пасля прэзідэнцкіх выбараў у снежні 2010 года. — “Позірк”.).

“Трэба прызнаць, што ён даволі спрытна лавіруе, таму што, верагодна, Уладзімір Пуцін хацеў бы, каб Лукашэнка адправіў беларускіх салдат на фронт ва Украіне, але на гэта ён не пагадзіўся”, — сказаў Сікорскі.

На яго думку, “пэўную долю аўтаноміі” Лукашэнка захоўвае, хоць “яна памяншаецца, бо інтэграцыя абаронных сістэм фактычна поўная, асабліва супрацьпаветранай абароны”.

“І расіяне дапамаглі яму перажыць сацыяльную рэвалюцыю пасля скрадзеных выбараў [у 2020 годзе]. А гэта сярод дыктатараў стварае салідарнасць”, — дадаў міністр.

Кажучы пра сённяшнія кантакты Варшавы і Мінска, Сікорскі адзначыў, што ў бакоў “ёсць дыпламатычныя адносіны“. “Больш за тое, — падкрэсліў ён, — сёлета мы адкрываем [у Беларусі] новы будынак амбасады”. Але, паводле яго слоў, двухбаковыя адносіны “няпростыя, бо адбываецца ўціск не толькі грамадзянскай супольнасці, але перш за ўсё польскай меншасці, пакутнікам і прадстаўніком якой з’яўляецца Анджэй Пачобут”.

Пачобута Сікорскі назваў “патрыётам і дысідэнтам”, заявіўшы, што экс-палітвязень “рвецца ў Беларусь”. Кіраўнік МЗС паведаміў, што адгаворвае журналіста вяртацца ў краіну, бо цяпер яму трэба дыстанцыявацца ад таго, што адбывалася з ім на працягу апошніх пяці гадоў.

Сікорскі выказаў надзею на тое, што вызваленне палітвязняў у Беларусі працягнецца.

28 красавіка 2026 года на беларуска-польскай мяжы адбыўся “шпіёнскі” абмен “5 на 5”. Польскаму боку былі передадзеныя журналіст, актывіст польскай меншасці Анджэй Пачобут (атрымаў 8 гадоў пазбаўлення волі па абвінавачанні ў нанясенні шкоды нацыянальнай бяспецы і распальванні варожасці), польскі манах-кармеліт Гжэгаж Гавел (абвінавачваўся ў шпіянажы, суд на момент вызвалення не адбыўся), грамадзянін Польшчы Томаш Бяроза (14 гадоў пазбаўлення волі па абвінавачанні ў шпіянажы і агентурнай дзейнасці), а таксама два грамадзяніны Малдовы, якія былі затрыманыя ў Расіі і абвінавачаныя ў шпіянажы.

Беларускі бок прыняў былога ўдзельніка беластоцкай харугвы (адзінкі) ваенізаванай арганізацыі “Паспалітае рушэнне“ Уладзіслава Надзейку (быў арыштаваны за перадачу ў Мінск інфармацыі пра тых, хто атрымаў у Польшчы прытулак), былога намесніка кіраўніка Службы інфармацыі і бяспекі Малдовы Аляксандра Балана (працаваў на беларускі КДБ), расійскага археолага Аляксандра Буцягіна (быў затрыманы ў Польшчы на запыт Украіны, якая абвінаваціла яго ў незаконных раскопках на анексаваным РФ паўвостраве Крым) і жонку расійскага вайскоўца, які служыць у Прыднястроўі (сепаратысцкі рэгіён Малдовы), Ніну Папову. Пятае прозвішча пакуль невядомае.

Сікорскі дапусціў перазагрузку стасункаў з Мінскам пасля вызвалення Пачобута, але ініцыятыву павінен праявіць Лукашэнка

28 красавіка, Позірк. Міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі на прэс-канферэнцыі 28 красавіка выказаў надзею, што вызваленне журналіста Анджэя Пачобута дапаможа перазагрузцы польска-беларускіх стасункаў. Аднак, як перадае інфармацыйнае агенцтва РАР, ініцыятыва ў гэтым пытанні належыць Аляксандру Лукашэнку, дадаў кіраўнік МЗС. …

Падзяліцца: